В санатории «Боровое» для лечения атопического дерматита и псориаза используют минеральную воду

photo_2026-02-18_12-21-08Як вядома, санаторый “Баравое” – гэта адзіная здраўніца ў Беларусі, дзе мінеральная вада выкарыстоўваецца адначасова для пітных курсаў і вонкавых працэдур. Нядаўна там завершана маштабнае клінічнае даследаванне па прымяненні мінеральнай вады “Баравая” ў бальнеатэрапіі пацыентаў з атапічным дэрматытам і псарыязам. Вынікі даследавання былі апублікаваны ў навуковым часопісе “Дэрматавенералогія. Касметалогія”, што бясспрэчна пацвярджае высокі ўзровень навуковай значнасці даных.

минеральные ванны

Над даследаваннем працавалі ўрач-дэрматолаг Ганна Дземід і намеснік дырэктара санаторыя па медыцынскай частцы, урач-тэрапеўт Алена Сіўцэвіч, якія падзяліліся з “РВ” падрабязнасцямі па тэме.

С

Алена Сіўцэвіч

– Шмат гадоў назіраючы за станоўчымі зменамі, якія адбываюцца з гасцямі санаторыя пасля ўнікальных бальнеапрацэдур, мы прынялі рашэнне вывучыць эфектыўнасць комплекснага, як вонкавага, так і ўнутранага, прымянення мінеральнай вады “Баравая”, – распавяла Алена Сіўцэвіч. – У групу даследавання патрапілі пацыенты з дэрматалагічнымі захворваннямі, якія маюць спадарожныя паталогіі сардэчна-сасудзістай, нервовай сістэм, органаў страўнікава-кішачнага тракту, парушэнні абмену рэчываў.

– Такая разнастайнасць мінеральнай вады дазваляе ўрачам індывідуальна падбіраць праграмы лячэння для пацыентаў з рознымі дыягназамі, – удакладняе Ганна Дземід. – Калі казаць непасрэдна пра даследаванне, то пад назіраннем знаходзіліся 85 пацыентаў. У 30 з іх быў атапічны дэрматыт (дзеці і дарослыя), у 55 – псарыяз. Усе яны мелі характэрныя праявы захворванняў скуры – сухасць, сверб, высыпанні, лушчэнне. Акрамя таго, у большасці былі і спадарожныя хваробы: парушэнні работы ЖКТ і печані, сардэчна-сасудзістыя паталогіі, цукровы дыябет, атлусценне, эмацыянальная лабільнасць і праблемы са сном. Кожнаму пацыенту прызначаўся наступны курс бальнеатэрапіі: дзесяць працэдур ваннаў з мінеральнай вадой “Баравая-2”, столькі ж плавання ў басейне з мінеральнай вадой і ўжывання мінеральнай вады “Баравая-1” і “Баравая-3” у залежнасці ад спадарожных захворванняў.

Ганна Дземід

Ганна Дземід

Як адзначаюць урачы санаторыя, вынікі ўражваюць: паляпшэнне назіралася ў 9 з 10 пацыентаў. Даследаванне паказала высокую эфектыўнасць працэдур. Пры атапічным дэрматыце паляпшэнне стану скуры адзначана ў больш як 93 % пацыентаў. Сухасць і лушчэнне значна зменшыліся, сверб знік ва ўсіх удзельнікаў даследавання. Пры псарыязе станоўчая дынаміка назіралася ў больш чым 89 % пацыентаў: высыпанні пабляднелі, лушчэнне паменшылася або зусім знікла. Акрамя таго, мінеральная вада аказала станоўчы ўплыў на спадарожныя захворванні: паляпшэнне работы ЖКТ і гепатабіліярнай сістэмы – у больш як 88 % пацыентаў; нармалізацыя артэрыяльнага ціску і памяншэнне ацёкаў – у 59 %; зніжэнне ўзроўню глюкозы ў крыві і масы цела – у 43,3 %; паляпшэнне сну і агульнага самаадчування – у 98,3 %. Важна адзначыць, што пабочных эфектаў, якія патрабуюць адмены працэдур, медыкі не зафіксавалі.

– Гэтыя высновы, безумоўна, павышаюць давер пацыентаў і практыкуючых урачоў да методык санаторыя і ўмацоўваюць яго статус як вядучага цэнтра бальнеатэрапіі ў Беларусі, – рэзюмавала Алена Сіўцэвіч.

бассейн с минеральной водой

У санаторыі “Баравое” выкарыстоўваюцца тры віды вады, якія адрозніваюцца сваім складам і ўзроўнем мінералізацыі. Так, “Баравая-1” – маламінералізаваная сульфатна-кальцыевая вада, мяккая і зберагальная для арганізма. “Баравая-2” – сярэднемінералізаваная сульфатна-хларыдна-кальцыева-натрыевая вада, якая ўжываецца для ваннаў, інгаляцый і арашэнняў. “Баравая-3” – сярэдняй мінералізацыі, выкарыстоўваецца для пітных курсаў пры захворваннях ЖКТ, печані, пры парушэнні абмену рэчываў.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з архіва санаторыя “Баравое”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *