Белорусский грузин Тимур Антадзе развивает деревообработку в Докшицком районе
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Мы шмат зрабілі, каб чалавек мог годна зарабляць для сябе і сваёй сям’і і пры гэтым прыносіць карысць дзяржаве. Мы стварылі ўсе ўмовы для гэтага. Цяжка знайсці такую краіну, якая прадаставіла б столькі свабоды для прадпрымальніцтва”. Кіраўнік ПВГУП “Хатуна” Цімур Антадзэ, які звязаў свой лёс з Беларуссю ўжо амаль на чатыры дзясяткі гадоў, цалкам з гэтым згодны.
Больш за тое, справу сваю збіраецца перадаць сыну. Упэўнены: яму ў нас будзе гэтак жа камфортна, надзейна і спакойна, як і яму самому.
З Цімурам Неўрызавічам сустрэліся на тэрыторыі яго прыватнага прадпрыемства – гэта памяшканні мехдвара былога калгаса імя Якуба Коласа ў вёсцы Крыпулі. Ужо амаль пятнаццаць гадоў тут працуе магутная піларама – 220-250 кубічных метраў лесаматэрыялаў штомесяц адпраўляецца ў Грузію і Узбекістан.
А пачалося ўсё ў канцы 80-х, калі малады грузінскі прадпрымальнік заключыў кантракт на пастаўку газіраваных напояў на тагачасны мінскі завод “Пепсі-кола”, што знаходзіўся на вуліцы Макаёнка. Супрацоўніцтва было плённым і ўзаемавыгадным, аднак непрацяглым: у хуткім часе Савецкі Саюз перастаў існаваць як дзяржава, узніклі праблемы на мытні. Пацікавіліся ў суразмоўцы, чаму яму захацелася і далей працаваць, развіваць сваю справу менавіта ў далёкай, халоднай у параўнанні з Грузіяй Беларусі. Адказаў коратка і ёмка: “Тут людзі цёплыя”.
Калі ў чалавека ёсць прадпрымальніцкая жылка, ён здольны хутка і рашуча памяняць вектар сваёй дзейнасці. Цімур Антадзэ арандаваў будынкі старога хлебазавода ў недалёкім ад нас Даўгінаве Вілейскага раёна, пераабсталяваў іх і наладзіў вытворчасць сыроў, у большасці “Сулугуні”. Справа пайшла, але для дзейснага грузіна размаху было малавата. У памяшканнях складоў арганізаваў спачатку шынамантаж найперш для сельгаспрадпрыемстваў раёна, а затым ужо і СТА. Як жартуе, месца яшчэ заставалася, таму ў дадатак і пілараму ўстанавілі. Гэта былі гады вельмі актыўнай дзейнасці не толькі ў плане арганізацыі вытворчасці, але, зразумела, і ў наладжванні дзелавых кантактаў, пошуку рынкаў збыту. Усё атрымлівалася належным чынам, але бочка з мёдам рэдка бывае без лыжкі дзёгцю. Той вобразнай лыжкай, і немалой, стала аварыйнасць некаторых вытворчых будынкаў. Пошук іншага месца для дзейнасці – а Цімур ужо дакладна разумеў, што хоча займацца менавіта вытворчасцю лесаматэрыялаў – прывёў прадпрымальніка на Докшыччыну.
На сённяшні дзень у ПВГУП “Хатуна” (Цімур Неўрызавіч назваў сваё прадпрыемства іменем дачкі) працуюць адзінаццаць чалавек.
– Пілаванне драўніны – адзін з выгадных кірункаў у галіне, – зазначае суразмоўца. – Самы рэнтабельны бізнес у сённяшніх рэаліях – вытворчасць. Пры гэтым ідэальны варыянт – выпускаць прадукцыю тут, на мясцовай сыравіне, а прадаваць – за мяжой. Карацей, выпускаць экспартна арыентаваны тавар. Чым, у прынцыпе, і займаемся. Вельмі цаню і паважаю кожнага свайго работніка. Усе яны людзі адказныя, добрасумленныя, надзейныя, у справе, а яна складаная ва ўсіх адносінах, вялікія прафесіяналы. Хачу адзначыць, што мы ў заказах не толькі не адчуваем недахопаў – не паспяваем іх выконваць, нават чэргі часам утвараюцца. Такім чынам расслабіцца і працаваць вальней ні ў кога не атрымліваецца. Само сабой зразумела, у людзей пры гэтым павінна быць адпаведная заработная плата. Спадзяюся, што яна ў нас дастойная. Ва ўсякім разе, пра гэта сведчыць адсутнасць цякучкі на нашай вытворчасці.
Так званы малы бізнес дзякуючы разумнаму кіраванню набраў немалыя абароты. Важную ролю сыграла, канешне ж, укамплектаванасць станкамі. Агрэгаты стужкавай піларамы, якімі карыстаюцца ў рабоце, кампактныя, пры гэтым маюць высокую прадукцыйнасць і даюць мінімальную колькасць адходаў.
Дарэчы, у “Хатуну” можна звярнуцца, калі патрэбны абрэзкі драўніны ў якасці паліва, апілкі. Усё гэта раздаецца бясплатна, самавывазам. Лесаматэрыялы на прадпрыемстве вырабляюцца розныя, у адпаведнасці з заказамі, у асноўным вялікімі партыямі, для чаго закупляецца лес як у нашым лясгасе, так і ў суседніх раёнах. Вырабляюцца і гатовыя зрубы, у тым ліку летніх домікаў, лазняў. Разам з тым кіраўнік прадпрыемства заўжды ідзе насустрач, калі неабходна штосьці вырабіць для мясцовых патрэб. Адзін з прыкладаў – альтанкі для адпачынку жыхароў і гасцей Крыпульскага сельсавета.
Літаральна тыдзень таму справа прадпрымальніка пашырылася: на арандаванай тэрыторыі былога ПМК-52 ён навёў парадак і запусціў яшчэ адну пілараму, прадаставіўшы пры гэтым яшчэ восем працоўных месцаў (а ў хуткай перспектыве будзе пятнаццаць) для жыхароў нашага раёна. Зразумела, з адкрыццём новай лініі аб’ёмы прадукцыі, што адпраўляецца на экспарт, яшчэ павялічацца.
Напрыканцы некалькі лірычных нот у аповед. Цімур Неўрызавіч у размове адзначыў, што за ўсе гады жыцця і работы ў Беларусі не можа ўспомніць ніводнага непрыемнага для сябе дня.
– Люблю і паважаю беларусаў, – гаворыць з цеплынёй у голасе. – І ў сябе на радзіме, і ў іншых краінах расказваю, які гэта добразычлівы, працавіты, памяркоўны, прыстойны народ. Ніводнага разу не пашкадаваў, што жыву і працую тут. Мае родныя прыязджаюць да мяне не аднойчы на год, і ў іх такія ж уражанні. Нашы народы ў многім падобныя, таму я, грузін, лічу сябе ўжо трохі і беларусам.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.


