Достойный уровень показали докшицкие школьники на областном этапе конкурса «Инженеры будущего»

Inzhenery-с

Нашы школьнікі бліскуча выступілі на абласным этапе конкурсу тэхнічнай творчасці «Інжынеры будучыні».

Спаборніцтвы праходзілі на базе Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі з удзелам 84 навучэнцаў з устаноў адукацыі Докшыцкага, Дубровенскага, Лёзненскага, Аршанскага, Полацкага, Чашніцкага, Шаркаўшчынскага раёнаў, Віцебска і Наваполацка.

У намінацыі «Сеткавае праектаванне і сістэмная інжынерыя» лідарам прызнаны сямікласнік СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч Максім Кулакоўскі (настаўнік – Людміла Лукашэвіч). Як і ў мінулым годзе, хлопчык адзіны сярод канкурсантаў набраў максімальную колькасць балаў!

Максім Кулакоўскі

Максім Кулакоўскі

Пяцікласнік СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога Іван Роўба (настаўнік – Анатоль Стадольнік) заняў 3-е месца ў намінацыі «Вэб-тэхналогіі».

І гэта нягледзячы на тое, што афіцыйна ўзрост удзельнікаў абмежаваны 14 – 18 гадамі, а нашым адпаведна 13 і 11.

Іван Роўба

Іван Роўба

Абодвух хлопцаў іх настаўнікі інфарматыкі называюць вундэркіндамі. Вучні набіраюцца ведаў не толькі на ўроках, але і на факультатывах і аб’яднаннях па інтарэсах, актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх спаборніцтвах і маюць шэраг узнагарод.

Заключны этап конкурсу «Інжынеры будучыні» пройдзе ў Мінску на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка для пераможцаў і прызёраў абласных этапаў. Нашы дараслі да яго па здольнасцях, але пакуль што трэба пачакаць, каб і па гадах. Затое ўжо цяпер юныя праграмісты атрымалі карысны конкурсны вопыт у Віцебску.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *