Герметизацию фиссур у детей проводят в стоматологическом отделении Докшицкой ЦРБ

vsemirnyj-с

20 марта – Всемирный день здоровья ротовой полости

Карыес застаецца адным з самых распаўсюджаных захворванняў у дзяцей. Шэраг фактараў стварае спрыяльныя ўмовы для разбурэння зубоў. Няма сумненняў, нашмат эфектыўней загадзя паклапаціцца аб абароне эмалі, чым лячыць яе паражэнні. Адным з сучасных эфектыўных спосабаў абароны зубоў з’яўляецца герметызацыя фісур. Працэдуру не так даўно сталі праводзіць у стаматалагічным аддзяленні Докшыцкай ЦРБ. На гэту тэму гутарым з загадчыкам аддзялення Ларысай ГАЛСЦЯН.

photo_с1

– Ларыса Юр’еўна, напэўна, для многіх нашых чытачоў тэрмін “фісУры” невядомы. Што гэта за паняцце і што такое іх герметызацыя?

– Фісуры – гэта натуральныя баразёнкі і паглыбленні на паверхні жавальных зубоў. Яны могуць быць як шырокімі, так і вузкімі, практычна непрыкметнымі. Менавіта ў іх часцей за ўсё затрымліваецца налёт, часцінкі ежы і, адпаведна, бактэрыі. Дзіцячая эмаль танейшая і менш мінералізаваная, чым у дарослых, таму працэс яе разбурэння ідзе хутчэй. Да ўсяго дзіцяці цяжкавата якасна ачышчаць жавальныя паверхні, і ў выніку рызыка развіцця карыесу ўзрастае, асабліва ў першыя гады пасля прарэзвання зубоў.

Герметызацыя фісур – гэта працэдура, пры якой баразёнкі запаўняюцца вадкім пламбіравальным матэрыялам. Герметык стварае гладкую паверхню, якую лёгка ачышчаць, не дае бактэрыям і рэшткам ежы пранікаць у фісуры і, канешне ж, умацоўвае эмаль. Герметык можна наносіць як на малочныя, так і на пастаянныя зубы. Рызыка карыесу зніжаецца на 70-90 працэнтаў, эмаль умацоўваецца дзякуючы матэрыялам, што ўтрымліваюць фтор, зніжаецца адчувальнасць зубоў. Эфект ад працэдуры захоўваецца прыкладна ад двух да пяці гадоў.

– А як праходзіць працэдура?

– Спачатку стаматолаг праводзіць агляд, ацэньвае стан зубоў і прымае рашэнне аб мэтазгоднасці герметызацыі. На аснове дыягностыкі падбіраецца аптымальны метад – інвазіўны або неінвазіўны.

Першы метад часцей прымяняецца на пастаянных зубах. Інвазіўнае запячатванне ачышчае баразёнкі ад пачатковых карыёзных змен, дазваляе апрацаваць закрытыя, глыбокія, звілістыя баразёнкі. “Усляпую” гэтага рабіць нельга: існуе рызыка пранікнення бактэрый пад герметык. Таму праводзіцца папярэдняе расшырэнне ўчастка. Калі коратка, то этапы работы наступныя: пры неабходнасці правядзенне прафесійнай гігіены ротавай поласці; раскрыццё фісуры, выдаленне ўчасткаў зубной тканкі, паражоных карыесам; нанясенне артафосфарнай кіслаты на паверхню зуба; запаўненне фісур герметыкам; прасушванне саставу УФ-лямпай; праверка прыкусу і пры неабходнасці карэкцыя формы і таўшчыні герметыку. Уся працэдура займае 10-15 хвілін на адзін зуб, бязбольная і праходзіць спакойна нават у малышоў.

Другі метад дзейсны, калі паглыбленні цалкам адкрыты і няма паражэння зуба. Зразумела, на такую герметызацыю патрабуецца менш часу.

– Які ўзрост дзіцяці аптымальны для герметызацыі?

– Найлепш у хуткім часе пасля прарэзвання пастаянных жавальных зубоў. Гэта звычайна 6-7 гадоў, а затым 11-13. Малочныя зубы таксама можна герметызаваць ва ўзросце 2-3 гады пры наяўнасці глыбокіх фісур.

– А якія асаблівасці догляду зубоў пасля працэдуры?

– Нічога асаблівага. Нельга есці цвёрдую ежу дзве гадзіны пасля, а затым звычайная гігіена ротавай поласці. У ідэале прыводзіць дзіця да стаматолага кожныя тры месяцы ці хаця б раз у паўгода – урач праверыць стан герметыку і своечасова абновіць яго пры неабходнасці.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *