Посевная — 2026. В КУСХП «АгроСитцы» начали сеять овёс

IMG_2460 с

Іван Ючкавіч і Генадзь Гаранін (злева направа): момант перадачы адрамантаваных трактароў.

Першай ластаўкай сярод сельгаспрадпрыемстваў стала КУСГП “АграСітцы”, дзе ў чацвер ва ўрочышчы Мацюшонкі  пасеялі адзінаццаць гектараў аўса.

– Вырашылі не марудзіць з гэтай справай, – гаворыць кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Транчэўскі. – Нашы продкі казалі: сей авёс у гразь – будзеш тады князь. Гэта першае. Па-другое, надвор’е сіноптыкі, за выключэннем пятніцы, абяцаюць добрае, а гэта значыць, што палеткі будуць імкліва падсыхаць. Не агледзішся – да сяўбы яравых збожжавых трэба прыступаць, калі дарагая кожная хвіліна і кожная адзінка тэхнікі. Таму наш механізатар Сяргей Кучыц ужо рупіцца на сяўбе.

Дарэчы, пра тэхніку. Згодна з распараджэннем аблвыканкама, сёлета некаторым сельгаспрадпрыемствам рыхтаваць яе да пасяўной кампаніі дапамагаюць іншыя арганізацыі раёна. “АграСітцам” прыйшлі на дапамогу работнікі РЭС, якія правялі рамонт двух трактароў – МТЗ-1221 і МТЗ-82. Урачысты момант перадачы апошняга якраз і заспелі на мехдвары гаспадаркі. Прыгнаў трактар рэсавец Сяргей Аганесян – родны брат перадавога сітцаўскага механізатара Дзмітрыя Аганесяна.

– Неабходныя запчасткі да трактароў, канешне ж, мы набывалі самі, – патлумачыў галоўны інжынер гаспадаркі Генадзь Гаранін. – А вось дапамога РЭС менавіта ў рамонце дарагога каштуе. На МТЗ-1221 у хуткім часе будзе працаваць Валерый Окунь, а вось на МТЗ-82 падтрымае нас у гарачую пару зноў-такі работнік, так бы мовіць, арганізацыі-пабраціма Анатоль Андрыеўскі.

– Чым можам – заўжды паможам! – адзначыў начальнік РЭС Іван Ючкавіч.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *