Вафли «Вяснушкі» от Докшицкого хлебозавода напомнят вкус детства
У снежні мінулага года на хлебазаводзе былі праведзены работы па мантажы лініі для вытворчасці венскіх вафель.
Вафлі з цудоўным смакам дамашняй выпечкі і не менш цудоўнай назвай “Вяснушкі” ўжо можна ўбачыць на паліцах многіх гандлёвых аб’ектаў раёна. Пакупнікі ацанілі старанні тэхнолагаў завода ў плане рэцэпта, і “Вяснушкі” займелі сваіх прыхільнікаў. Таннасць прадукцыі і хатні смак асабліва прывабліваюць навучэнцаў школ, ды і малышам дзетсадаўскага ўзросту печыва таксама даспадобы.
– Лінія, на набыццё і ўстаноўку якой асвоена інвестыцый на суму 310 тысяч рублёў без НДС, уключае ў сябе цестазамешвальную машыну, адсадачную машыну – помпу, якая падае неабходную колькасць цеста ў карусельную печ, шпрыц-дазатар для начынкі і ўпаковачную машыну, – распавёў намеснік дырэктара хлебазавода Дзмітрый Сіўцэвіч. – Печ электрычная, магутнасць 25 кВт. Мантаж лініі ажыццявілі работнікі фірмы-вытворцы абсталявання, а вось асвойвалі яе мы ўжо самастойна. З моманту ўключэння печы да выхаду першай партыі вафель, а гэта чатыры штукі, праходзіць тры хвіліны, а затым ужо гэта колькасць выпякаецца кожныя адзінаццаць секунд. Такім чынам, за адну рабочую змену можна выпусціць ажно 180 кілаграмаў прадукцыі.
Дзмітрый Віктаравіч адзначыў, што працуе лінія пакуль не на поўную магутнасць, згодна з заяўкамі на вафлі. Зараз актыўна ідзе работу па пошуку рынкаў збыту, заключаюцца кантракты на пастаўку “Вяснушак” як у нашым раёне, так і за яго межамі. Тэрмін прыгоднасці печыва – 30 дзён, што гаворыць, канешне ж, аб высокай якасці салодкасцей. Сеткавыя крамы, у якіх зараз рэалізуюцца вафлі расійскай вытворчасці з у разы большым тэрмінам прыдатнасці, хацелі б, каб і ў докшыцкіх хлебазаводаўцаў ён павялічыўся. Пайсці на такі крок для нашых майстроў, чые вырабы славяцца менавіта сваім адметным смакам, не будзе правільным рашэннем. А ў “Вяснушак”, у адрозненне ад тых “доўгаіграючых” вафель, сапраўды смак дзяцінства: аналагічныя вафлі з незабыўным водарам нашы мамы ці бабулі выпякалі на звычайных газавых плітах у металічных раз’ёмных вафельніцах. Дырэктар прадпрыемства Аляксей Байкоў адзначае, што магчымасць у бліжэйшы час знайсці пакупнікоў менавіта на такія вафлі і з такім тэрмінам прыдатнасці ёсць, таму і лінія хутка будзе працаваць на поўную магутнасць. Адметна, што абслугоўваць яе могуць толькі два работнікі – для хлебазавода, дзе на сённяшні дзень мае месца недахоп кадраў, гэта вялікі плюс. Разам з тым, каб працэс быў больш размераным, на абслугоўванні лініі могуць працаваць і тры-чатыры чалавекі – ахвотных прымуць у дружны калектыў з радасцю.
У гэтыя дні ў цэху ідзе заключны этап работ па тэхналагічным абсталяванні лініі – устаноўка выцяжнога зонда. Зараз вафлі пакуюцца па дзве штукі і выпускаюцца без начынкі. Праз некаторы час “Вяснушкі” будуць выпускацца з начынкамі на розны густ. Што будзе смачна, няма ніякіх сумненняў.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

