Посевная — 2026. В ОАО «Докшицкий» под ранние зерновые и зернобобовые отведено 400 гектаров
Чатырыста гектараў адведзена пад раннія збожжавыя і зернебабовыя ў ААТ “Докшыцкі”, і днямі на дапамогу крулеўшчынскім аграрыям накіраваўся механізаваны атрад з ААТ “Барсучанка”, дзе запланаваныя плошчы ўжо засеяны і работы ідуць ужо звыш плана.
На палетках паміж вёскамі Порпліскі Двор і Скудзуці заспелі трох механізатараў з аднолькавым прозвішчам – Баброўскі. Рыхтаваў глебу пад сяўбу на энерганасычаным МТЗ-з522 з культыватарам Васіль Баброўскі, сеяў ячмень яго родны брат Мікалай, а Валерый Баброўскі – проста цёзка па прозвішчу – на МТЗ-1221 у агрэгаце з РУМам уносіў фосфарнае ўгнаенне.
– Безумоўна, рады такой дапамозе, – адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Станіслаў Яцуковіч. – Тым больш што не за гарамі той час, калі мы аб’яднаемся. Чакаем ад такога кроку станоўчых вынікаў. Што датычыцца сённяшняга дня, то поле тут адносна невялікае – 35 гектараў. Калі надвор’е паспрыяе, дык да вечара і ўправімся: працуюць жа прафесіяналы, адказныя і добрасумленныя людзі.
Па стане на раніцу ўчарашняга дня з 5564 гектараў плошчаў пад раннія яравыя засеяна 4759, што складае 85,5 працэнта. На сто працэнтаў выканалі план у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, сеюць звыш запланаванага ў ААТ “Барсучанка” і ААТ “Бягомльскае”, на фінішы – дзень-два работы – КУСГП “АграСітцы” і ААТ “Докшыцкі”. Выдатнымі тэмпамі ідзе і ААТ “Таргуны”, дзе працэнтны паказчык 73, а засеяныя плошчы пры гэтым самыя значныя – ажно 1168 гектараў. Складаней справы абстаяць у КУСП “Гняздзілава-Агра”, але і гэта гаспадарка не застанецца без дапамогі. У райаграсэрвісе і “Барсучанцы” прыступілі ўжо і да сяўбы аднагадовых культур.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

