В Докшицах наградили участников и победителей конкурсов, которые проводились в рамках фестиваля «Две реки»
Па добрай традыцыі штогод у раёне падводзяць вынікі і ўзнагароджваюць удзельнікаў і пераможцаў конкурсаў, якія праводзяцца ў межах Рэспубліканскага фестывалю сяброўства і мастацтва “Дзве ракі”.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, уручаючы заслужаныя ўзнагароды, адзначыла, што наш край заўсёды славіцца адказнымі, гасціннымі, шчырымі людзьмі, якія маюць шмат талентаў і прагу да новых творчых здабыткаў, і выказала падзяку калектывам, якія, нягледзячы на шырокае кола вытворчых задач, знаходзяць час і сілы, каб падтрымаць творчыя ініцыятывы.
Не сакрэт, што на нашым фестывалі вялікі натоўп заўсёды збіраецца каля панадворкаў сельсаветаў, кожны з якіх мае свой адметны брэнд, а таму падзякі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў за арганізацыю і прадстаўленне тэматычных пляцовак былі ўручаны ўсім адзінаццаці старшыням сельскіх Саветаў дэпутатаў.
У намінацыі “Квітнеючы горад – 2026” першае месца прысуджана калектыву філіяла “Докшыцыводаканал”, другое і трэцяе – Докшыцкаму райаграсэрвісу і Бягомльскаму лясгасу адпаведна.
Вельмі творча дакшычане падышлі і да конкурсу на лепшую эмблему Года беларускай жанчыны. Пераможцам стаў калектыў ТЦСАН, за ім раённы Дом рамёстваў і Бягомльская спецыяльная школа-інтэрнат.
Дарэчы, усе калектывы, якія прынялі ўдзел у конкурсах і тэматычных пляцоўках, таксама атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.














