Ранняя диагностика онкозаболеваний дает шанс на выздоровление

кишечник с

Рост захворвання на каларэктальны рак адзначаецца ва ўсіх эканамічна развітых краінах і ў цяперашні час займае адно з лідзіруючых месцаў сярод іншых злаякасных новаўтварэнняў. Аб прафілактыцы захворвання расказвае сёння намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Докшыцкай ЦРБ Наталля Галоўчыц.

– Наталля Аляксандраўна, якія сімптомы захворвання павінны насцярожыць?

– Перыядычныя ныючыя болі ў жываце, адсутнасць апетыту, страта вагі, нерэгулярнасць стулу, адчуванне няпоўнага апаражнення кішэчніка пасля туалета, крывяністыя выдзяленні, хуткае насычэнне або ўздуцце жывата. Несвоечасовы зварот па медыцынскую дапамогу з’яўляецца асноўнай прычынай позняй дыягностыкі раку.

– Куды трэба звярнуцца?

– У першую чаргу да тэрапеўта ці ўрача агульнай практыкі. Пасля агляду ён накіруе пацыента да хірурга, які пры неабходнасці правядзе абследаванне тоўстага кішэчніка. Сярод найбольш папулярных метадаў дыягностыкі – калонаскапія з біяпсіяй з паталагічна змененых участкаў кішкі. Для гэтага выкарыстоўваецца эндаскоп для агляду ўсёй тоўстай кішкі, прычым урач можа адразу выдаліць выяўленыя паліпы, а таксама ўзяць узоры для біяпсіі. Калонаскапія даступная ў Докшыцкай бальніцы.

– Хто падвержаны найбольшай рызыцы развіцця раку?

– Хворыя з хранічнымі калітамі і “сямейным” паліпозам, пацыенты, якія перанеслі аперацыі па прычыне раку тоўстай кішкі і малочнай залозы, з наяўнасцю адэном і паліпаў. У дадзеным спісе таксама злосныя курыльшчыкі і асобы, старэйшыя за пяцьдзясят гадоў.

– Якія даследаванні назначаюцца гэтым пацыентам?

– Тым, хто знаходзіцца ў групе рызыкі з-за ўзросту, рэкамендуецца праходзіць адзін раз у год гемакультны тэст (даследаванне калу на ўтоеную кроў), адзін раз у 3-5 гадоў рэктараманаскапію (з дапамогай гнуткага эндаскопа аглядаецца ніжняя частка тоўстай кішкі), адзін раз у 5-10 гадоў рэнтгенаграфію тоўстай кішкі і калонаскапію. Пацыентам з іншымі фактарамі рызыкі патрэбны штогадовыя гемакультныя тэсты, рэктасігмаскапія (інструментальны агляд прамой і сігмападобнай кішак) і фібракалонаскапія.

Зразумела, што пацыенты палохаюцца такіх “няёмкіх” абследаванняў і наогул прагнозаў, аднак яшчэ раз нагадаю, што чым раней у пачатку захворвання звярнуцца да ўрача, тым больш шанцаў на спрыяльны вынік.

– Што ўключае ў сябе прафілактыка раку тоўстай кішкі?

– Што тычыцца харчавання, яно не павінна быць высокакаларыйным, з лішкам жывёльных тлушчаў і бялкоў. Варта адмовіцца ад злоўжывання алкагольнымі напоямі, асабліва шкоднае піва. Патрэбна ўжываць дастатковую колькасць вітамінаў, перш за ўсё А і С.

Неабходна пазбягаць запораў, а для гэтага важна падтрымліваць водны баланс у арганізме, ужываць ежу, багатую валокнамі расліннага паходжання, прытрымлівацца разумнай дыеты. І, канечне, умацаванню здароўя будзе садзейнічаць рэгулярная фізічная актыўнасць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *