Агрофорум «Сто дорог – одна твоя» прошел в Докшицком районе

IMG_7845 с

Пад такой назвай у кінаканцэртнай зале “Іскра” г. Докшыцы адбыўся аграфорум, ініцыятарам якога выступілі раённы выканаўчы камітэт, упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні і аддзел па адукацыі райвыканкама. Навучэнцы старшых класаў, якія цікавяцца прафесіямі сельскагаспадарчага профілю, прадстаўнікі педагагічных калектываў сустрэліся з кіраўнікамі і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў раёна, выкладчыкамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных аграрных устаноў краіны.

photo_2026-04-29_13-02-30 (2)

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, першы намеснік старшыні Наталія Вараб’ёва і намеснік старшыні Аксана Палачаніна. Напачатку ў фае кінаканцэртнай залы прысутных азнаёмілі са сваёй дзейнасцю вучні агракласаў, створаных у школах. Сваю прадукцыю прэзентаваў докшыцкі хлебазавод, а яго дырэктар Аляксей Байкоў распавёў пра вытворчасць, перспектывы прадпрыемства і паведаміў, якіх спецыялістаў і работнікаў чакаюць на заводзе. Метадыст ДУ “Вучэбна-метадычны кабінет Докшыцкага раёна” Валянціна Янковіч дала падрабязную інфармацыю аб прафарыентацыйнай рабоце, што вядзецца сярод навучэнцаў школ.

photo_2026-04-29_13-02-30

Адкрыў аграфорум кіраўнік раёна:

– Збірацца кожную вясну ў гэтай зале стала ўжо добрай традыцыяй, – адзначыў Сяргей Уладзіміравіч. – Такія сустрэчы актуальныя, паколькі больш за 50 працэнтаў аб’ёму вытворчасці ў раёне займае сельская гаспадарка і патрэба ў маладых кадрах вялікая. Сельская гаспадарка – гэта вельмі дынамічная галіна. Маючы больш чым трыццацігадовы стаж работы ў ёй, магу заўважыць, што за гэты час адбыліся глабальныя змены. Сёння гэта высокатэхналагічная сфера. Напрыклад, трактар даўно перастаў быць проста тэхнікай для выканання пэўнага роду работ – зараз гэта механізаваны комплекс, для кіравання якім і абслугоўвання якога неабходныя асаблівыя веды. Працэсы, якія адбываюцца на малочнатаварных фермах, таксама патрабуюць комплексных навыкаў і падыходаў. Аўтаматызацыя і камп’ютарызацыя паўсюдна. Тры высокатэхналагічныя комплексы ўзведзены ў нашым раёне за апошняе дзесяцігоддзе, стаяць амбіцыйныя задачы па будаўніцтве яшчэ трох на працягу паўтара года – у адкрытых акцыянерных таварыствах “Таргуны”, “Бягомльскае” і “Барсучанка”. Акрамя таго, у нас дзейнічае праграма па арэнднаму жыллю для маладых спецыялістаў: пры ўладкаванні на работу яго можна атрымаць у Докшыцах на працягу года. Спецыялісты ж нам патрэбны граматныя і пажадана любячыя сваю малую радзіму. Гэта вы – наша маладая змена.

Далей мерапрыемства праходзіла ў форме свабоднага мікрафона, калі вучні проста з залы змаглі задаць пытанні, якія іх найбольш цікавілі, спікерам, што знаходзіліся на сцэне, – старшыні райвыканкама Сяргею Абіралу, яго першаму намесніку Наталіі Вараб’ёвай, кіраўнікам сельгасарганізацый Васілію Чарадніку (ААТ “Таргуны”), Сяргею Маскалёнку (ААТ “Барсучанка”), Міхаілу Транчэўскаму (КУСГП “АграСітцы”), намесніку дырэктара ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Віктару Гаўрыловічу, маладому спецыялісту ААТ “Бягомльскае” Кірылу Міхневічу. Школьнікі актыўна скарысталіся такой магчымасцю, і пытанні, што называецца, сыпаліся градам.

IMG_7890 photo_2026-04-29_13-02-30 (5)

Так, Сяргей Абірала распавёў пра сваё бачанне прыярытэтаў развіцця сельскай гаспадаркі канкрэтна ў нашым раёне, а таксама пра тое, якая роля адводзіцца аграрыям у забеспячэнні харчовай бяспекі краіны. У Наталіі Вараб’ёвай спыталі аб прэферэнцыях для маладых спецыялістаў, пацікавіліся магчымасцямі кар’ернага росту ў галіне сельскай гаспадаркі менавіта для жанчын. Сяргей Маскалёнак патлумачыў, якая сістэма замацавання маладых спецыялістаў, што паступалі па мэтавым накіраванні, існуе ў раёне і ў ААТ “Барсучанка” ў прыватнасці. Таксама Сяргей Фёдаравіч, дарэчы, кіраўнік сельгаспрадпрыемства з самым значным стажам у раёне, падзяліўся, чаму шмат гадоў таму выбраў менавіта сельскую гаспадарку і застаўся ёй верным на працягу жыцця. Васілій Чараднік падрабязна адказаў на пытанне, якімі, на яго думку, якасцямі павінен валодаць кіраўнік сельгаспрадпрыемства, а таксама распавёў пра тое, дзе чэрпае сілы на плённую працу, чым захапляецца ў вольны час. Міхаіл Транчэўскі у адказе на пытанне, з якімі праблемамі сутыкаецца малады спецыяліст у пачатку свайго працоўнага шляху, запэўніў, што праблем тых практычна няма, а шматбаковая дапамога, наадварот, ёсць. Яшчэ ў Міхаіла Уладзіміравіча пацікавіліся, якой ён бачыць новую мадэль спецыяліста на сяле. Пытанні, адрасаваныя Віктару Гаўрыловічу, былі пра тое, якія спецыялісты патрэбны аграсэрвісу на сённяшні дзень і ў бліжэйшыя гады, на якую работу можна ўладкавацца ў гаспадарку падчас летніх канікул. Кірыла Міхневіча папрасілі даць параду, як найхутчэй заваяваць аўтарытэт у старэйшых калег, пацікавіліся, якія перспектывы ён бачыць для сябе ў будучым. Несумненна, такі вось жывы дыялог – самая эфектыўная форма работы ў дадзеным кірунку.

IMG_7918 IMG_7852

Далей удзельнікі форуму раздзяліліся. Адна частка засталася ў зале, каб прыняць удзел у займальнай і адначасова пазнавальнай гульні “Профі-квіз”, якую арганізавалі работнікі Цэнтра дзяцей і моладзі, другая накіравалася зноў у фае – на прэзентацыю аграрных навучальных устаноў. У гэтым годзе ў Докшыцы завіталі прадстаўнікі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і аграрнага каледжа пры ёй, Пастаўскага і Ільянскага дзяржаўных аграрных каледжаў, Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа. Старшакласнікі мелі магчымасць задаць пытанні і выкладчыкам гэтых устаноў, атрымаць неабходную інфармацыю аб умовах паступлення і навучання.

IMG_7837

Валянціна Янковіч, метадыст ДУ “Вучэбна-метадычны кабінет Докшыцкага раёна”:

– На сённяшні дзень агракласы функцыянуюць у шасці ўстановах адукацыі. У іх навучаюцца 25 старшакласнікаў, пры гэтым 15 з іх сёлета заканчваюць 11-ы клас і папоўняць рады абітурыентаў профільных навучальных устаноў.
За гады работы агракласаў рэкордны паказчык паступленняў у сельгасустановы прыпаў на 2022 год – 71,5 працэнта. Затым адбыўся пэўны спад, які паслужыў сігналам для карэкцыі метадаў прафарыентацыйнай работы. Спадзяёмся, вынікі не прымусяць сябе чакаць ужо ў гэтым годзе.
Зроблены ўпор на практычнае пагружэнне, выхад за межы школьных кабінетаў. Наш брэнд па-ранейшаму “Аграсуботы” – дні, калі вучні школ накіроўваюцца на перадавыя прадпрыемствы раёна, сустракаюцца там з галоўнымі спецыялістамі, механізатарамі, жывёлаводамі. Калі школьнік бачыць агеньчыкі ў вачах прафесіяналаў і сучасную тэхніку ў рабоце, гэта ўздзейнічае нашмат мацней за любы падручнік. Такія сустрэчы разбураюць стэрэатыпы аб цяжкай і “бруднай” працы і паказваюць прэстыж сучаснай аграрнай навукі.
Мы расшыраем гарызонты, наведваючы такія прадпрыемствы, як Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат і Віцебскі мясакамбінат, каб паказаць увесь “ланцужок” ад поля ці фермы да гатовага прадукту. Запомніліся вучням паездкі на гіганты айчыннага машынабудавання – МТЗ і БелАЗ, на кандытарскую фабрыку “Камунарка”, на міжнародную выставу “Белагра”.
Асаблівая ўвага – якасці падрыхтоўкі. У авангардзе гэтай работы – Парплішчанская сярэдняя школа. У 2024 годзе ўстанова паказала лепшы вынік у раёне, калі ўсе выпускнікі агракласа паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Можна з упэўненасцю гаварыць, што ў нашым раёне створаны ўсе ўмовы, каб старт у сельскагаспадарчыя прафесіі быў паспяховым. Сапраўды: шляхоў шмат, а шлях стваральніка – самы ганаровы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *