Дружная семья Олега и Александры Гапаненок из города Докшицы идет к своей мечте
– Шчаслівая сям’я тая, у якой любяць за тое, што ты проста ёсць, а каханне са з’яўленнем дзяцей не дзеліцца на часткі, а прымнажаецца і становіцца больш глыбокім і моцным, – сцвярджаюць Алег і Аляксандра Гапанёнкі з Докшыц. Сужэнцы, у сям’і якіх выхоўваецца чацвёра дзяцей, сёлета адзначаюць чатырнаццаць гадоў сумеснага жыцця. Але іх пачуццю, моцнаму, сапраўднаму, намнога больш.
– Ведаем адзін аднаго з дзяцінства, – расказвае падчас знаёмства Аляксандра. – Я родам з гарадскога пасёлка Обаль Шумілінскага раёна. У Алега там жыве бабуля, у якой ён звычайна гасцяваў падчас школьных канікулаў. Дружылі, перапісваліся. А праз год пасля службы ў арміі Алег прывёз мяне ў Докшыцы ўжо нявестай. У шлюбе нарадзіліся дзве дачкі і двое сыноў. Наша першая памочніца і ў дамашніх справах, і ў выхаванні малодшых дзяцей – пятнаццацігадовая Ульяна. Самастойная, сур’ёзная, адказная, яна нечым падобная да мяне ў дзяцінстве. Я вырасла ў шматдзетнай сям’і, нас было шасцёра дзяцей, а я – старэйшая. Заўсёды ва ўсім дапамагала матулі. Такая ж і Ульяна, якая, здаецца, разумее без слоў. У вольны час дачушка захапляецца музыкай, вучыцца ў Докшыцкай ДШМ. Іграе на фартэпіяна і спявае ў хоры. Трынаццацігадовы Ромка жыве спортам. Ён у нас дзюдаіст, трэніруецца ў ДЮСШ. Васьмігадовы Марк і чатырохгадовая Маша пакуль не вызначыліся з захапленнямі.
Алег Гапанёнак працуе міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання ўзвода міліцыі Докшыцкага аддзялення Дэпартамента аховы. Аляксандра – старшы касір у “Еўраопце”. Галоўная мара сям’і Гапанёнкаў на дадзены момант – хутчэй пераехаць у новы дом.
– Яго будаўніцтва распачалі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, – гаворыць Алег. – Мая першая прафесія – будаўнік, таму ўсе работы выконваю сам. Лічу, што ў сям’і галоўнае – давер і разуменне. Якраз як у нас. А яшчэ важна быць прыкладам ва ўсім для дзяцей. Канечне ж, бываюць дні, калі ўсё ідзе не так, як хацелася б. Менавіта ў такія моманты і адчуваецца моц сям’і. Мы падтрымліваем адзін аднаго і абавязкова знаходзім час для сумеснага адпачынку. Гэта можа быць прагляд кінафільма або прыгатаванне, напрыклад, святочнага абеду. Усе разам. Гэта і ёсць шчасце.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

