Как можно чаще быть вместе — главная традиция многодетной семьй Натальи и Александра Чикуновых из агрогородка Порплище

photo_2026-с

Жыць толькі напоўніцу! Гэта дэвіз шматдзетнай сям’і Наталлі і Аляксандра Чыкуновых з аграгарадка Порплішча.

Візітка. Наталля Анатольеўна, памочнік выхавальніка Парплішчанскага дзіцячага сада, мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Аляксандр Сяргеевіч, вадзіцель ППТУП “Спаслен” у г. Глыбокае. Макар, дзевяцікласнік Парплішчанскай сярэдняй школы. Злата, пяцікласніца. Назар, чатыры гады, наведвальнік сада, дзе працуе мама.

Гісторыя ўзнікнення сям’і. Наталля мясцовая, а Аляксандр з сям’ёй у юным узросце пераехаў у Порплішча з Казахстана. Так і ўзнікла школьнае каханне, якое не аказалася “першым снегам, што хутка тае”, і мае дашлюбны “стаж” цягам сямі гадоў.

Партрэт Чыкуновых. Рухавік усіх сямейных спраў – мама Наталля. Можна толькі захапляцца гэтай маладой жанчынай, якая, носячы з васьмі гадоў у сваім сэрцы кардыястымулятар, нарадзіла траіх дзетак, з’яўляецца выдатнай маці і гаспадыняй, любячай жонкай і дачкой, жыццярадасным, сонечным чалавекам. Загадчыца дзіцячага сада Ганна Асон адзначае, што Наташа – душа іх калектыву, арганізатар розных цікавых спраў і актыўная ў іх жа ўдзельніца. Наталля Анатольеўна выдатна гатуе, асабліва любіць займацца выпечкай, добра шые, захапляецца развядзеннем кветак. Тата Аляксандр, як і належыць мужчыне, з’яўляецца надзейнай апорай для сваёй сям’і, фундаментам, на якім трымаюцца быт, фінансавае забеспячэнне, пэўныя жыццёвыя ўстоі сям’і, які ў плане будаўніцтва многае ўмее, а калі чагосьці не ўмее, настойліва вучыцца. Макар – юнак рознабаковы: спартсмен, які стабільна перамагае ў раённых спаборніцтвах па шматбор’і, паспяхова выступае ў вобласці. Яшчэ хлопцу падабаюцца дакладныя навукі, асабліва фізіка, па якой два гады запар на раённай алімпіядзе займаў другое месца. А зараз ён самастойна вучыцца ігры на гітары. Злата прымае актыўны ўдзел ва ўсіх школьных мерапрыемствах, як рыба ў вадзе адчувае сябе на сцэне і пакуль не вызначылася, што ёй падабаецца найбольш. Назар жа ў свае чатыры гады аддае перавагу канструктарам і маляванню.

Сямейныя традыцыі. Самая галоўная – быць як мага часцей разам, ці гэта работа па добраўпарадкаванні сядзібы, ці сумесныя падарожжы, ці наведванне храма, ці вечары, калі справы завершаны, урокі зроблены – тут папулярнасцю карыстаюцца сямейныя прагляды добрых кінафільмаў, гульні, стварэнне дэкаратыўных вырабаў. На святы за сталом збіраецца ўвогуле вялізная сям’я: чатыры пакаленні з абодвух бакоў. У такія дні Наташа арганізоўвае праграму з пераапрананнем у навагоднія касцюмы, конкурсамі і гульнямі на дні нараджэння і г.д. Дзеці ў сям’і выхоўваюцца ў веры. Наталля часта робіць кветкавыя кампазіцыі для ўпрыгажэння царквы, Аляксандр узяў на сябе клопат па абкошванні прыхрамавай тэрыторыі. А яшчэ парплішчанскія актывісты прымаюць удзел у рознага роду конкурсах і спаборніцтвах. Напрыклад, у раённым конкурсе “Сям’я года”, што праходзіў у 2024 годзе, іх дружная каманда заняла трэцяе месца. Не засталіся ў баку, як жартуе Наташа, ад такога “кіпежу” і сёлета. Конкурс адбудзецца за дзень да выхаду артыкула ў свет, і вельмі хочацца пажадаць гэтай творчай сям’і ўдачы.

Алена НЕСЦЯРОНАК. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *