Могилёв — Афганистан — Докшицы
Мікалай Рошчупкін за 25 гадоў жыцця ў Докшыцах не толькі прывык да горада і палюбіў яго, але і стаў лічыць родным. Хаця нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці, райцэнтры Клічаў. Там закончыў школу, як член хакейнай і футбольнай каманд абкалясіў паўрэспублікі: удзельнічаў у розных матчах. Затым быў прызваны на тэрміновую службу. Быў Афганістан.
“Сынок, ты ведаеш, што ў Афганістане ідзе вайна?” Гэтыя словы Мікалай не толькі памятае, ён чуе іх нават зараз. Пасля “вучэбкі” ў Фергане перад адпраўкай падрыхтаваных салдат у Кабул прыехалі члены вышэйшага каманднага саставу. Начальнік штаба дывізіі задаў гэта пытанне кожнаму, хто стаяў у страі. Кожны з маладых салдацікаў – беларус ці армянін, узбек ці расіянін – адказалі, што абстаноўку ведаюць і гатовы з гонарам выканаць пастаўленую перад імі задачу.
Цяпер Мікалай успамінае, што тады і сапраўды страху не было. Маладосць, узнёсласць, патрыятычнае выхаванне справу сваю зрабілі. Хлопцы ішлі на вайну, бо інакш паступіць не маглі нават у думках.
Радавы мінамётчык 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі Мікалай Рошчупкін адчуў на сабе тыя жахі спаўна. Дэсанціраванне ў кішлакі і суправаджэнне калон з боепрыпасамі, засады ў блок-пастах, каб абараніць сваіх у асабліва даступных месцах: на тэрыторыі зялёнай зоны, у цяснінах. Было ўсё. І вылазкі ў горы, і баі на раўнінах. На вачах гінулі сябры. У час ваенных дзеянняў асабліва ядналіся людзі. Землякі былі амаль што роднымі. Падтрымлівалі адзін другога, дапамагалі, перажывалі разам нягоды і няшчасці. Цяжка ўспамінаць Мікалаю смерць магіляўчаніна Уладзіміра Яфрэмава. Было гэта каля Джалалабада, у правінцыі Хост, што побач з пакістанскай граніцай. Іх роту даставілі туды на новенькім “АН-12”, а ў раён баявых дзеянняў дэсантнікі трапілі на “вяртушках”. Дэсанціравалі ноччу ў зараснік высокага кустоўя і вялікіх дрэў. Спадзяваліся, што гэта ім дапаможа выжыць. Пачалі прачэсваць зону. Завязаўся бой. Санінструктар Яфрэмаў ішоў па раненага, які ад болю крычаў і прасіў дапамогі. Каля яго сустрэў сваю смерць выратавальнік: паваліўся, падкошаны куляй, прама на грудзі параненага. Бачна, стаяў на прыцэле ў душмана. У тым баі загінулі 9 байцоў. Сярод іх і Аляксандр Каравін, які цаной свайго жыцця выратаваў жыццё камандзіру. Каравіну пасмяротна прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Яфрэмаў пасмяротна быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Толькі ці можна параўнаць гэта з самім жыццём!
Хто бачыў, як плачуць сапраўдныя мужчыны? Я плачу кожны раз з тымі, хто расказвае пра тую недарэчную вайну. Бывалыя. Іх нельга назваць па-іншаму, бо хлопцы нашы ў самым росквіце гадоў зведалі столькі, што іншым не давядзецца спазнаць за ўсё жыццё нават часткі таго. Мікалай расказвае, што пасля службы ён доўгі час не мог хадзіць на танцы. Сумленне не дазваляла весяліцца тады, калі там гінулі людзі. Мабыць на актыўнага, спартыўна складзенага і фізічна загартаванага чалавека падзеі тых часоў наклалі свой адбітак надоўга. Мабыць назаўсёды. Мікалай Іванавіч Рошчупкін любіць спакой і цішыню. Адпачывае сярод членаў сваёй сям’і. Не гоніцца за вялікім матэрыяльным дабрабытам. Працуе так, каб забяспечыць неабходным дзяцей і жонку. У сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці мае магчымасць аказваць дабрачыннасць. Асабліва стараецца дапамагчы дзецям-інвалідам.
НА ЗДЫМКУ: М.І. Рошчупкін, які за баявыя дзеянні ў Афганістане ўзнагароджаны медалём “За адвагу”.
Тэкст і фота Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ.
На мой взгляд, Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ может хорошо интересно написать, если постарается…..
Да, это точно… Интересно написано про интересного, хорошего человека!