Ретропраздник «Рождённые в СССР» прошёл в Докшицком районе
Рэтрасвята «Народжаныя ў СССР» адбылося ў пятніцу, 1 мая, у аграгарадку Параф’янава. Гэта традыцыйнае мерапрыемства ў Свята працы, якое дало старт шэрагу брэндавых фэстаў, што ладзяцца на Докшыччыне ў кожным сельсавеце на працягу года.
Сярод ганаровых гасцей параф’янаўскай урачыстасці – старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна і ў мінулым старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Ядвіга Шульгат.
На пляцоўцы каля мясцовага СДК было шматлюдна і па-святочнаму весела. Усе, хто прыйшоў сюды, углядаліся ў кірунку сельвыканкама: менавіта адтуль чуўся барабанны дроб. Гэта па цэнтральнай вуліцы населенага пункта рушыла першамайская дэманстрацыя, якую ўзначальваў узорны ансамбль барабаншчыц і мажарэтак “STEP-біт” Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага.
Кожны год новую цікавінку набываюць звыклыя тэматычныя пляцоўкі, арганізаваныя ў межах свята. Вось і гэтым разам на выставе творчых работ мясцовых умельцаў новы праект прэзентаваў раённы Дом рамёстваў, майстры якога прапанавалі ахвотным расфарбаваць маляванку. Тут, у Параф’янаве, яна была з выявай карты СССР. Дарэчы, паспрабаваць сябе ў жывапісе на палатне сёлета можна будзе на кожным раённым брэндавым мерапрыемстве.
У кафэ “Чайная” за правільныя адказы на пытанні віктарыны выдаваліся савецкія грошы, за якія набываліся прысмакі з дзяцінства: хрушчы і пірожныя “карзіначкі”, пышкі і інш. Тэст па савецкай літаратуры прапанавалі прайсці работнікі тутэйшай бібліятэкі. Невялікае абнаўленне атрымаў у гэтым годзе музей “Назад у СССР”: новымі экспанатамі яго папоўніў месціч Віктар Жданько.
Якое свята лепшае?
“Як павяжаш гальштук, беражы яго!” – чулася з актавай залы СДК. Тут праходзіў конкурс тэматычных пляцовак “Гэта свята самае лепшае” сярод арганізацый сельсавета. Параф’янаўская СШ імя А.І. Чэрныша паказала ўрачыстую лінейку з нагоды прыёму ў піянеры. Выступленне настаўнікаў і вучняў школы стала інтэрактыўным: права павязаць гальштукі было даручана журы. А вось Параф’янаўскі дзіцячы сад, а таксама зборная каманда амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, чыгункі і лясніцтва прыгадалі, як даўней спраўлялі наваселле.
Новы праект
– Свята міру і працы – гэта свята сапраўдных працаўнікоў, тых, хто ўкладвае сілы і веды ў паўсядзённую работу дзеля агульнага дабрабыту і росквіту, – з прывітальным словам звярнулася да прысутных кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Валянціна Рандарэвіч. – Міру вам, поспехаў, радасных дзён.
На свяце быў дадзены старт новаму раённаму праекту “Жаночы код Докшыччыны”, у межах якога на брэндавых мерапрыемствах сельсаветаў будуць ушаноўвацца жанчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нашага раёна. У Параф’янаве ў намінацыі “Жанчына-працаўніца” адзначылі Аўрэлію Мандрук, якая ўсё жыццё адпрацавала ў АПК раёна, была брыгадзірам, аграномам-насенняводам. Аўрэлія Эдмундаўна ўзнагароджана Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, бронзавым медалём за дасягнутыя поспехі ў развіцці Народнай гаспадаркі СССР, знакамі “Ударнік дзявятай пяцігодкі” ў 1975 і 1976 гг. і мноствам іншых ганаровых грамат і падзяк. Акрамя таго, на ўрачыстасці былі ўшанаваны жаночыя працоўныя дынастыі. Так, маці і дачка Ганна Шаура і Людміла Зорычус звязалі свой лёс з медыцынай. Апладысменты і словы падзякі гучалі таксама ў адрас Людмілы Ждановіч і яе дачкі Галіны Лакуцэвіч. У іх дынастыі чыгуначнікаў значацца яшчэ чацвёра родзічаў, а агульны стаж складае некалькі соцен гадоў!
Прафсаюзны актыў
Традыцыя Свята працы – ушанаванне прафсаюзных актывістаў. Так, Граматай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК узнагароджана аператар машыннага даення КУСГП “АграСітцы” Таісія Чырвоная. Падарунак атрымала шматдзетная маці Алена Пашкевіч, у сям’і якой выхоўваюцца пяцёра дзяцей. Граматай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму адзначаны мастак па святле Докшыцкага ГЦК Алег Каляга. Членскі прафсаюзны білет быў урачыста ўручаны Вікторыі Чуваховай, якая ўвайшла ў састаў прафпярвічкі Докшыцкай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы.
Пад марш Мендэльсона
Яшчэ адзін звычай параф’янаўскага свята – віншаванне сужэнцаў, якія сёлета святкуюць юбілейныя даты нараджэння сваёй сям’і. Каралавае вяселле (35-гадоў сумеснага жыцця) адзначаюць у гэтым годзе Святлана і Валерый Сяклюцкія, а таксама Валянціна і Анатоль Нядзвецкія. Рубінавае вяселле (40 гадоў сумеснага жыцця) – Валянціна і Мечыслаў Бараноўскія. Для пар правялі паўторную ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу з традыцыйным вясельным танцам і воклічам “горка!” Віншаванні ў гонар юбіляраў прагучалі ад старшыні Параф’янаўскага сельскага Савета дэпутатаў Валерыя Навумчыка.
Вынікі конкурсаў
Узнагароды атрымалі і пераможцы конкурсаў, арганізаваных у межах рэтрасвята. Сярод тэматычных пляцовак перамаглі піянеры Параф’янаўскай школы. Другое месца ў дзіцячага сада, трэцяе – у калектыўнай работы амбулаторыі, чыгункі і лясніцтва.
У раённым конкурсе тэатралізаваных праграм “У стылі савецкага кіно” першае месца ў Парплішчанскага СДК з урыўкам з вядомага кінафільма “Любовь и голуби”. Другое месца атрымалі Гняздзілаўскі СДК і Бярозаўскі сельскі клуб-бібліятэка за сумесную работу над фрагментам савецкай музычнай камедыі “Свадьба в Малиновке”. Трэцяе месца ў калектываў Валкалацкага і Сітцаўскага СДК. Яркія моманты тэатралізаваных праграм былі прадстаўлены гледачам.
Свята працягнулася канцэртам, у якім на параф’янаўскай сцэне выступілі мясцовыя артысты, а таксама госці з Докшыцкага ГЦК, Таргуноўскага клуба-бібліятэкі і аграгарадка Будслаў Мядзельскага раёна.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.





































































