В Докшицком районе ветерана Великой Отечественной войны и труженика тыла поздравили с Днём Победы
У летапісе нашай радзімы 9 Мая – асаблівае і дарагое для ўсіх свята.
У гэты дзень мы з пачуццём глыбокай удзячнасці схіляем галовы перад тымі, хто заваяваў для нас мір. Цяперашнія і будучыя пакаленні заўсёды будуць ганарыцца духоўнай велічнасцю, мужнасцю, высокай маральнай сілай, адданасцю свайму народу і Радзіме савецкіх воінаў, працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў – усіх, хто набліжаў Вялікую Перамогу.
Напярэдадні Дня Перамогі тых, хто зведаў ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны, наведала кіраўніцтва раёна. Шчырыя словы падзякі за мірнае неба над галавой прагучалі ў адрас Уладзіміра Васільевіча Бурдыкі з вёсцы Заборцы Сітцаўскага сельсавета. З віншаваннямі і падарункамі да ветэрана завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, старшыня Сітцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Каляда, а таксама калегі-настаўнікі з Сітцаўскай школы: адукацыі ветэран вайны прысвяціў амаль сорак гадоў.
– Уладзімір Васільевіч – чалавек, жыццё якога з’яўляецца прыкладам стойкасці, дабрыні і любові да роднай зямлі. Сустрэчы, падобныя да гэтых, нагадваюць, наколькі каштоўным з’яўляецца мір і колькі сіл і мужнасці спатрэбілася для яго дасягнення, – сказаў Сяргей Абірала.
Віншаванні з надыходзячым святам 9 Мая прымаў таксама працаўнік тылу Пётр Іванавіч Пашэвіч з вёскі Навасёлкі-Кемешаўскія Бярозкаўскага сельсавета.
Са словамі ўдзячнасці за ўклад у Вялікую Перамогу да Пятра Іванавіча звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Валянціна Рандарэвіч:
– Нізкі паклон Вам, Пётр Іванавіч, за тое, што ў нас ёсць магчымасць працаваць на карысць Радзімы, жыць пад мірным, сонечным небам і радавацца кожнаму дню, выхоўваць дзяцей, унукаў.
Да віншаванняў далучылася старшыня Бярозкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Славікоўская.
Яшчэ адным прыемным момантам сустрэч стала ўручэнне матэрыяльнай дапамогі да Дня Перамогі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2021 года.
Падарункі для Уладзіміра Бурдыкі і Пятра Пашэвіча падрыхтавалі і раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў.
Яўгенія МАЛЕВІЧ. Фота аўтара.






