Вопросы благоустройства, ремонта, ассортимента товаров рассмотрены во время проведения дня Докшицкого сельсовета

Пытанне наконт спадчыны дома цікавіла жыхарку аг. Барсукі падчас прыёму, які праводзіў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала.
Дзень Докшыцкага сельсавета адбыўся пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч і з удзелам старшыні райвыканкама Сяргея Абіралы.
Перад тым як прааналізаваць работу, якую летась правялі па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, былі выслуханы пытанні і просьбы мясцовых жыхароў. Так, у аграгарадку Барсукі, дзе праводзіў прыём грамадзян кіраўнік раёна, прасілі дапамагчы з рамонтам дамбы на вадаёме.
– Месца папулярнае, асабліва ў рыбакоў, там неабходна навесці парадак, – звярнуў увагу Сяргей Уладзіміравіч. – Паўдзельнічаць у гэтым трэба ААТ “Барсучанка”, на балансе якога знаходзіцца аб’ект, а таксама меліяратарам.
Ці можна адмовіцца ад дома, які калісьці быў атрыманы ў спадчыну, пацікавіўся яшчэ адзін жыхар аграгарадка. Заяўніку патлумачылі ўвесь парадак далейшых дзеянняў.
У вёсцы Чырвонае Беразіно з жыхарамі сустрэлася старшыня райсавета Валянціна Рандарэвіч. Вяскоўцы, чые дамы знаходзяцца на вуліцы Маладзёжнай, прасілі вырашыць праблему з вадой. Па іх словах, калі набіраеш ваду ў посуд, на дне застаецца асадак. Яшчэ ў гэтым населеным пункце людзі дзякавалі прадаўцу мясцовай крамы за бездакорнае гандлёвае абслугоўванне. Таксама звярнулі ўвагу на тое, што ганак крамы ўшчэнт рассыпаўся і патрабуе рамонту.
На бедны асартымент тавараў у аўтакраме паскардзіліся ў вёсцы Янкі. У Падомхах вельмі чакаюць асфальту. Пытанне, калі з’явіцца дарожнае палатно на вуліцы Цэнтральнай у Лапутах, таксама хвалявала жыхароў гэтага прыгараднага населенага пункта. А яшчэ лапутчане прасілі, каб гарадскі аўтобус заязджаў да іх не два, а тры разы на дзень, у тым ліку пасля 17 гадзін. У Козіках падзякавалі старшыні Докшыцкага сельвыканкама за вырашэнне надзённых пытанняў, а таксама выказалі задаволенасць арганізацыяй медыцынскага абслугоўвання. У вёсцы Восава прагучала просьба аб выдзяленні пашы.
Усе звароты былі ўважліва выслуханы. На некаторыя з іх адказы дадзены падчас прыёму, іншыя ўзяты на кантроль.
У склад Докшыцкага сельсавета ўваходзіць 26 населеных пунктаў. Ва ўсіх праводзіцца работа па добраўпарадкаванні ў адпаведнасці з распрацаваным планам.
– Дапамагаюць гэта рабіць не толькі мясцовае насельніцтва, а і замацаваныя арганізацыі, – паведаміў на выніковым пасяджэнні яго старшыня Анатолій Сценнік. – Напрыклад, работнікі хлебазавода навялі парадак на могілках у Лапутах, леснікі высеклі кустоўе на ўчастках каля пустых хат у Турках. Ямкавым рамонтам вуліц у вёсках Падомхі, Лапуты, Касцюкі і Туркі займаліся камунальнікі. На працягу апошніх чатырох гадоў усе помнікі, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, адрамантаваны і перададзены на баланс аддзела культуры райвыканкама. Парадак каля помнікаў падтрымліваюць Барсукоўская школа, ААТ “Барсучанка” і ААТ “Таргуны”, райкам прафсаюза АПК, раённы савет ветэранаў, Янкоўская сельская бібліятэка.
Летась у рамках рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў было абуладкавана месца адпачынку ў Козіках: пасаджаны маладыя дрэўцы, устаноўлены альтанка і лаўкі. У маі плануецца пакласці тратуарную плітку і ўстанавіць малыя архітэктурныя формы. Аналагічнае месца адпачынку будзе абсталявана і ў Восаве.
Працягваюцца работы па добраўпарадкаванні могілак у вёсках Камайск і Чырвонае Беразіно. Сёлета там высеклі аварыйныя дрэвы і ўстанавілі новую агароджу.
Старшыня райвыканкама Сяргей Абірала адзначыў, што Докшыцкі сельсавет адзін з тых сельсаветаў у раёне, дзе на сённяшні дзень выгадна купляць землі. Населеныя пункты размешчаны кампактна, сканцэнтраваны блізка каля райцэнтра. Апошнім часам людзей усё больш цікавяць Чырвонае Беразіно і Янкі – вёскі перспектыўныя для будаўніцтва жылля, і гэтым фактам трэба карыстацца.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.
