Аграрии Докшицкого района в числе первых в области приступили к жатве
Аграрыі нашага раёна, а гэта працаўнікі ААТ “Бягомльскае” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, у ліку першых у вобласці прыступілі да жніва.
Яшчэ на пачатку мінулага тыдня камбайнеры “Бягомльскага”, калі так можна выказацца, здолелі ўклініцца паміж частымі дажджамі і даць старт уборцы азімага ячменю. Пад яго ў сельгаспрадпрыемстве адведзена ажно 360 гектараў. Першы блін у бегамльчан не аказаўся комам: ураджайнасць з абмалочаных плошчаў склала 33,8 цэнтнера з гектара. І гэта на пясчаніках з нізкай бальнасцю глебы! Калі пасля ўборкі ўсіх 360 гектараў ураджайнасць не апусціцца ніжэй за 30 цэнтнераў, то, як гаварыў герой аднаго вядомага кінафільма, гэта будзе несумненна поспех усяго калектыву.
А ў мінулую пятніцу, пасля абеду, на 156-гектарнае поле ва ўрочышчы Струкі выехаў цэлы атрад камбайнераў і вадзіцеляў райаграсэрвіса. Нам пашчасціла прысутнічаць на зажынках у гаспадарцы і атрымаць шмат станоўчых эмоцый. Ну хіба можа пакінуць кагосьці абыякавым такая карціна: бяскрайняе поле, што залаціцца ад прамянёў ліпеньскага сонца, роўны гул камбайнаў, якія, здаецца, плывуць у золаце збажыны, ганаровы эскорт з некалькіх дзясяткаў буслоў, што за лічаныя хвіліны зляцеліся з усёй акругі на гэтае свята працы… А якія агеньчыкі ў вачах хлебаробаў! Імёны іх, без пафасу, у летапісе сельскагаспадарчай галіны раёна залатымі літарамі: Аляксандр Суднік, Уладзімір Лаўцэвіч, Яўген Ярмаковіч, Вячаслаў Кавалёнак, Віктар Суднік. Што называецца, на нізкім старце і іх калегі-вадзіцелі, адказныя за адвозку збожжа за зернесушыльны комплекс, Валерый Яшчанка і Юрый Апенка, а таксама Пётр Высоцкі, які прыбыў у гаспадарку на дапамогу з прадпрыемства меліярацыйных сістэм. І вось да МАЗа Пятра Антонавіча літаральна падлятае камбайн з вялікай і яркай выявай мядзведзя на фоне сцяга нашай дзяржавы – гэта Віктар Суднік так пачаў сваё трынаццатае жніво. Ёсць першы бункер! Літаральна праз хвіліну да высыпання збажыны далучаецца Уладзімір Лаўцэвіч. У “заплечніку” Уладзіміра Пятровіча ўжо трыццаць шэсць уборачных кампаній, а апантанасці ў рабоце яму па-ранейшаму не займаць.
Гледзячы на такое свяшчэннае спакон вякоў дзейства, не хаваюць радасці дырэктар сельгасарганізацыі Віктар Гаўрыловіч, для якога гэта ўборачная першая ў такім статусе, і галоўны аграном Андрэй Янчак, што вырас у гэтых краях, ведае тут кожны палетак і кожную сцяжынку, бязмерна любіць малую радзіму і ганарыцца яе працаўнікамі.
– Наўскідку магу сказаць, што трыццаць цэнтнераў з гектара возьмем з гэтага поля, – зазначае Андрэй Генрыхавіч і не памыляецца: першыя 54 гектары далі ўраджайнасць 30,4 ц/га.
Разам з тым у гаспадарцы поўным ходам вядуцца іншыя работы. Унеслі гліфасаты на 550 гектарах, адведзеных пад азімы рапс будучага ўраджаю, плошчы пад які значна павялічылі. Сто гектараў ужо ўзарана, і механізатар Міхаіл Чарняўскі старанна рыхтуе да хуткага выезду пасяўны агрэгат. Задаволены галоўны аграном пасевамі люцэрны, якая дала выдатны першы ўкос, а другі – ледзь не ўдвая большы. Належнымі тэмпамі ідзе і нарыхтоўка зялёных кармоў у стрэйч-плёнку: механізатар Аляксандр Суднік-старэйшы толькі за два дні перад гэтым нарабіў гіганцкіх белых “сыроў” на сенажаці больш за пяцьсот штук.
Карацей, усе складальнікі для паспяховага правядзення чарговай бітвы за ўраджай у райаграсэрвісе ёсць, і толькі на адзін, вельмі важны, аграрыі не ў стане паўплываць: добрае надвор’е. Як заўжды, будзем спадзявацца на дапамогу нябёсаў у адвечнай хлебаробскай справе.
Р.S. У панядзелак да ўборкі азімага ячменю прыступілі таксама ААТ “Барсучанка”, ААТ “Таргуны” і КУСГП “Гняздзілава-Агра”. Па тэмпах наперадзе райаграсэрвіс, дзе па стане на 14 ліпеня ячмень убраны амаль на палове плошчаў. За адзін дзень абмалацілі ажно 112 гектараў у “Таргунах”, дзе пад культуру адведзена 510 гектараў.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.






