Безопасность на дороге зависит от каждого, убежден старший госавтоинспектор Докшицкого ОГАИ майор милиции Владимир Карнилович
3 ліпеня — Дзень утварэння Дзяржаўтаінспекцыі Беларусі
Бяспека на дарозе залежыць ад кожнага. У гэтым упэўнены старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС маёр міліцыі Уладзімір Карніловіч. Міліцэйскую форму ён апрануў у 2018 годзе, калі стаў інспектарам дарожна-патрульнай службы раённага аддзялення. Сюды ён быў пераведзены з Докшыцкага РАНС. Адказная пасада старшага дзяржаўтаінспектара была яму даверана два гады таму.
– Самае галоўнае ў абавязках дзяржаўтаінспектара – не пакараць, а папярэдзіць, – гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. – Напрыклад, калі ўзяць наш дзень службы, то рэгістрацыі адміністрацыйных парушэнняў з вынясеннем штрафу адводзіцца прыкладна некалькі працэнтаў дзейнасці, а львіная доля прыпадае на прафілактычную работу.
Менавіта прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў, работа ў гэтым кірунку з насельніцтвам – асноўная задача старшага інспектара.
– Для таго каб папярэдзіць ДТЗ, трымаем на пастаянным кантролі шмат пытанняў, – расказвае Уладзімір Карніловіч. – Гэта і бяспечны стан вулічна-дарожнай сеткі, тэхнічны стан транспартных сродкаў прадпрыемстваў і асабліва – пасажыраперавозчыкаў. Напрыклад, арганізацыя той жа экскурсіі ці іншай паездкі з вялікай колькасцю людзей абавязкова праходзіць праз нашу службу. Раз у квартал праводзіцца інструктаж з вадзіцелямі школьных аўтобусаў. Акрамя таго, кожны тыдзень правяраюцца відэарэгістратары гэтых транспартных сродкаў на прадмет выканання правілаў дарожнага руху. На кантролі Докшыцкай дзяржаўтаінспекцыі знаходзіцца 660 кіламетраў мясцовых дарог, 200 кіламетраў рэспубліканскага значэння, каля 100 – вулічна-дарожнай сеткі Докшыц і Бягомля, а таксама іншых населеных пунктаў. Штат аддзялення – дзесяць чалавек, якія і кантралююць дарожна-транспартную абстаноўку. Аднымі з асноўных прычын ДТЗ звычайна з’яўляюцца парушэнні правіл абгону і хуткаснага рэжыму. І калі першае больш залежыць ад сумлення кіроўцаў, то другое спрабуем не дапусціць. Напрыклад, ствараючы на дарогах штучныя няроўнасці. У гэтым годзе яны запланаваны на пешаходным пераходзе да крамы “Маяк” у райцэнтры, а таксама ў аг. Крулеўшчына, на вул. Горкага, каля дома № 82. Але, як паказвае практыка, не заўсёды такія ўзвышшы на праезнай частцы спрыяюць прымусоваму зніжэнню хуткасці руху. Так, падобная сітуацыя склалася на вуліцы Савецкай каля крамы “Мясная лаўка”. Таму для большага эфекту было прынята рашэнне арганізаваць на ўчастку кругавы рух. З той жа мэтай былі ўстаноўлены знакі “стоп”, якія мігцяць, на перакрыжаваннях аб’яздной і дарог на Параф’янава і Чырвонае Беразіно.
Яшчэ адно важнае пытанне, якое хвалюе Дзяржаўтаінспекцыю апошнім часам, – гэта актыўнае выкарыстанне сродкаў персанальнай мабільнасці.
– З 1 верасня згодна з абноўленымі правіламі, для прылад з хуткасцю вышэйшай за 25 кіламетраў за гадзіну прадугледжана рэгістрацыя, – гаворыць старшы дзяржаўтаінспектар. – Каб прайсці стандартызацыю на месцы, можна пакінуць заяўку ў нас. На сённяшні дзень скарыстацца такой магчымасцю праявілі ахвоту каля дваццаці жыхароў раёна. Дарэчы, самыя актыўныя – параф’янаўцы. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць юным памочнікам нашай службы – моладзеваму атраду аховы правапарадку “РИСК” СШ № 2 г. Докшыцы імя У. Ф. Крышталевіч – за сумесную прафілактычную работу дзеля бяспекі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

