Докшичане приняли участие в гражданско-патриотической акции на мемориале «Курган Дружбы» в Верхнедвинском районе
На Курган Дружбы, дзе сходзяцца граніцы трох дзяржаў, 5 ліпеня ў 67-ы раз з’ехаліся нашчадкі пакалення пераможцаў, каб ушанаваць памяць тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай змагаўся ў партызанскіх атрадах і падполлі. У мерапрыемстве прыняла ўдзел і дэлегацыя Докшыччыны на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Валянцінай Рандарэвіч.
Сустрэча на мяжы дзяржаў аб’ядноўвае прадстаўнікоў улады, моладзь, грамадскасць у імкненні шанаваць і паважаць агульную гісторыю. У сваім звароце да ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў адзначыў, што менавіта моладзь павінна прадаўжаць традыцыю сустрэч на Кургане Дружбы і ўмацоўваць сяброўскія сувязі паміж народамі Беларусі і Расіі, выказаў надзею на тое, што настане дзень, калі і дэлегацыі Латвіі, як раней, далучацца да мерапрыемства, асноўная мэта якога – мірныя добрасуседскія адносіны. Першы намеснік губернатара Пскоўскай вобласці Вера Емяльянава зачытала зварот губернатара Пскоўскай вобласці Міхаіла Вядзернікава. “Няхай дружба нашых народаў мацнее, а памяць пра подзвіг продкаў заўжды аб’ядноўвае нас”, – гаварылася ў звароце.
Курган Дружбы не проста ўзгорак. У 1959 годзе яго насыпалі партызаны-ветэраны, якія змагаліся ў тутэйшых лясах. Зямлю збіралі па крупінках з месцаў, дзе ішлі баі, з магіл загінулых таварышаў. У аснове Кургана закладзены капсулы са зваротамі да нашчадкаў. На першую сустрэчу з’ехаліся партызаны, падпольшчыкі, байцы Чырвонай Арміі з Беларусі, Расіі і Латвіі. Так была заснавана традыцыя сустракацца кожны год. Каб памятаць. Каб яднацца. Каб жыць у міры.
Праграма грамадзянска-патрыятычнай міжнароднай акцыі пачалася з урачыстай сустрэчы афіцыйных дэлегацый і цырымоніі падняцця дзяржаўных сцягаў брацкіх краін, а таксама ўскладання гірлянд і кветак да помніка камсамольцам-падпольшчыкам вёскі Прошкі на беларускім баку.
Яркі акорд свята – сумеснае выкананне легендарнай песні “Кацюша” ля пагранічнага ручая – надаў мерапрыемству асаблівую атмасферу: у многіх удзельнікаў можна было бачыць на вачах слёзы. Далей – пераход на расійскі бок і ўшанаванне памяці Героя Вялікай Айчыннай вайны, партызанкі-разведчыцы Марыі Пынто. Пад адкрытым небам размясціліся партызанская вёска, выстава зброі часоў Вялікай Айчыннай, іншыя экспазіцыі і творчыя пляцоўкі. Завяршылася цырымонія памінальнай літыяй у капліцы Сергія Раданежскага.
Таксама для ўдзельнікаў сустрэчы быў арганізаваны яркі святочны канцэрт з удзелам салістаў і творчых калектываў Віцебскай і Пскоўскай абласцей. Шквал апладысментаў сарвалі нашы землякі – салісты эстраднай студыі “Калейдаскоп” і вакальная група “Кружева” Докшыцкага ГЦК.
Дарэчы, адзін з удзельнікаў дэлегацыі Докшыцкага раёна, партыйны актывіст, былы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Цацоха штогод наведвае Курган Дружбы ўжо больш за сорак гадоў!
Ажыўлена і весела было ў палатачным гарадку адукацыйна-патрыятычнага лагера “Курган”, дзе моладзь нашага раёна ўжо шмат гадоў запар праводзіць некалькі дзён у атмасферы сяброўства, новых знаёмстваў, цікавых інтэлектуальных конкурсаў, інтэрактываў, творчых і спартыўных спаборніцтваў.
– Наша каманда вельмі ўдзячная такім арганізацыям, як ФСК “Ураджай”, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, ДЮСШ, Докшыцкая сярэдняя школа №1 імя І.С. Палявога, хлебазавод, Цэнтр па забеспячэнні бюджэтнай дзейнасці арганізацый, за тое, што дапамаглі нам са спартыўным інвентаром, палаткамі, іншымі рэчамі, неабходнымі для стварэння камфортнага пражывання ў палявых умовах, – адзначыла першы сакратар РА ГА “БРСМ” Вераніка Норавіч. – Што ж датычыцца станоўчых эмоцый, то іх цераз край. Урачыста. Памятна. Ганарова. Кранальна. Нездарма ж многія, хто пабываў на Кургане аднойчы, едуць на гэтае свяшчэннае месца, на сустрэчу з сябрамі зноў і зноў.
Мікалай Трахінін, дырэктар Бягомльскага музея народнай славы:
– Мы шмат гаворым аб гістарычнай памяці. Але калі яе не фарміраваць і не выхоўваць, яна хутка згасне. Сустрэчы на Кургане Дружбы – адзін з такіх урокаў Памяці. Курган – гэта месца яднання нашчадкаў Перамогі, святы абавязак якіх ва ўвесь голас гаварыць свету пра зверствы фашызму і рабіць усё, каб не было вайны. Радуе, што з кожным годам на ўрачыстасць прыязджае ўсё больш і больш моладзі, а гэта значыць, што сувязь пакаленняў не страчана.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара і з тэлеграм-канала «БРСМ | Докшиччины».



















