Праздник сбора огурцов отшумел в агрогородке Волколаты, как всегда собрав много гостей
Свята збору агуркоў адшумела ў суботу ў аграгарадку Валкалаты, як заўжды сабраўшы шмат гасцей з розных куткоў раёна і яшчэ далейшых.
Агурочны разнасол –
Заглядзенне кожны стол
Дзіву можна давацца, якія ў мясцовых гаспадынь умельства і фантазія. Чацвёрты раз ладзіцца свята, і за гэтыя гады ніводная страва ні разочку не паўтарылася. А якое іх афармленне – не налюбавацца! Ды і прэзентавалася ўсё смакоцце цудоўна – з вершамі, жартамі, найгрышамі, прыпеўкамі. На пляцоўках мясцовай бальніцы сястрынскага догляду, калектыву сацыяльных работнікаў, суполкі пенсіянераў, КУСГП “АграСітцы”, Сітцаўскіх Дома культуры і сельскай бібліятэкі, Гарадзішчанскай бібліятэкі-клуба было што паспытаць і на што паглядзець. Самыя азартныя ўдзельнікі свята – пенсіянеры – нават упрыгожылі сябе эмблемамі свята з жывымі кветкамі і агурочкамі-карнішонамі. А сацработнікі да ўсяго прыперлі ў тачцы вялізны гаршчок з юшкай, якой хапіла на ўсіх. У медыкаў жа была, мусіць, цыстэрна прахалоднага напою, скажам так, беларускага махіта з лімонам, мятай і, канешне ж, агурком – вельмі да месца прыйшоўся ён у сонечны суботні дзень. Ды што там, усё апісваць – старонкі газетнай не хопіць. Шаноўныя госці свята – старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, старшыня Валкалацкага сельскага Савета дэпутатаў Пётр Кацейка – проста разгубіліся ад такога кулінарнага карнавалу і ўсім пляцоўкам выставілі адзнаку “выдатна”, за што напрыканцы свята таленавітыя гаспадыні атрымалі падарункі.
Валкалатцам працавітым –
Гонар, слава і любоў
У рамках праекта “Жаночы код Докшыччыны” ў намінацыі “Сэрца” гаспадаркі” адзначана былы галоўны ветурач КУСГП “АграСітцы” Ірына Міхно – узнагароду ёй уручыла кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна. Віншаванні, кветкі і музычны падарунак атрымалі мясцовыя жанчыны, што адзначаюць у гэтым годзе юбілейныя даты. Як і ў мінулыя разы, на сцэну для ўшанавання выклікаліся галоўныя агурочнікі Валкалат ды і, напэўна, усяго раёна, у якіх цяпліцы год ад года павялічваюцца, – сем’і Януковічаў і Наумцаў, дарэчы, абедзве шматдзетныя.Старшыня Валкалацкага сельскага Савета дэпутатаў Пётр Кацейка выказаў шмат цёплых слоў у іх адрас, а таксама ў адрас усіх працавітых жыхароў аграгарадка, згадаў мінулагодніх прызёраў і ўручыў падзякі сельвыканкама і грашовыя сертыфікаты ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” за прыгожае афармленне панадворкаў Ніне і Тадэушу Падлешчукам, Таццяне і Ігару Ляпковым, Марыне і Міхаілу Наумцам. Традыцыйна для наймалодшага жыхара аграгарадка быў падрыхтаваны медаль “Карнішон-2026” і падарунак – ім сёлета стаў Жэня Аксенце, які з-за свайго юнага – паўгода ўсяго – узросту ўрачыстасць праспаў.
Сцэнарныя “фішкі”
Вельмі да месца прыйшліся вядучыя – Гаспадар і Гаспадыня. Іх ролі выдатна сыгралі сужэнцы Марына і Уладзімір Жыхары. Пан Агурок Расолавіч Валкалацкі (Уладзімір Чыкун) засолку агуркоў новага ўраджаю арганізаваў (тут падключыліся ўсе шаноўныя госці) і жартоўны аўкцыён правёў, у ходзе якога былі выручаны зусім не жартоўныя грошы. Запіс “Шылькаўскай полькі” аўтарства музыканта Юльяна Ліцвіна паслухалі, аўтарскую песню “Зямелька-чараўніца” і верш у выкананні яго таленавітай дачкі Ліліі Ліцвін. А ўжо колькі “запальных” песень ды танцаў было ўсё больш на агурочную тэматыку! Тут і народны ансамбль “Прызбачка” ўбаку не застаўся, і дзіцячыя аб’яднанні падключыліся, і танцавальны калектыў “Спадарынька” аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання ТЦСАН даў жару, і салісты – ураджэнцы Валкалат – парадавалі землякоў. Ды і параф’янаўскія “Землякі” на свята завіталі з цудоўнай канцэртнай праграмай. А яшчэ і латарэя была, дзе розныя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы разыгралі.
Турнір побытавых танцаў
Традыцыйна “Лявоніху” ды “Кракавяк” “жахнулі” масава, без ацэнак журы. А вось ужо ў выкананні іншых народных танцаў ішло спаборніцтва ў дзвюх узроставых катэгорыях: да 16-і гадоў і 16+. У малодшай катэгорыі першае месца занялі Віталіна Герасімава і Маша Ігоніна (Бярозаўскі клуб-бібліятэка), на другім – Алена Пашкевіч і Надзея Ясючэня з Гняздзілаўскага СДК, на трэцім – Маша Наумец і Дзіма Януковіч (Валкалацкі СДК). Старэйшая катэгорыя: першае месца – Алёна Януковіч і Мікіта Глушкевіч з Валкалат, другое – Марыя Парневіч і Раіса Вярцінская (Гарадзішчанская бібліятэка-клуб), трэцяе – Ірына Штоль і Святлана Каляга (Крыпульскі клуб-бібліятэка).
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.






















