Россиянин и белоруска нашли свое счастье в деревне Городище Докшицкого района
Восем гадоў мінула з таго часу, як сужэнцы Марыя Кушчак і Уладзімір Брынько набылі звычайны вясковы домік забудовы другой паловы мінулага стагоддзя ў вёсцы Гарадзішча, што амаль за сорак кіламетраў ад райцэнтра, і за гэты кароткі час відазмянілі і акультурылі сядзібу настолькі, што ўсе ранейшыя гаспадары яе не пазналі б.
Размова з новаспечанымі гарадзішчанцамі міжволі схіліла на філасофскі склад думак: якімі ж рознымі бываюць чалавечыя лёсы і якім непрадказальным жыццё! Згадалася бабуля Надзея з маёй роднай вёскі, якая ўсе 87 гадоў свайго жыцця ў гэтай вёсцы пражыла, ніводнага разу з раёна нікуды не выязджала і нават у райцэнтры не была, хіба што ў бліжэйшых вёсках у радні на вяселлях ці хаўтурах. У выпадку ж з цудоўнай сямейнай парай, у якой давялося пабываць у гасцях у мінулым месяцы, усё склалася наадварот.
Марыя Пятроўна, якая паўтара дзясятка гадоў адпрацавала метадыстам у Докшыцкім раённым аддзеле адукацыі і за гэты час заваявала аўтарытэт і павагу ў педагагічных калектывах школ, да тае пары шмат часу правяла ў Расіі. Там вучылася ў Петразаводску, там выйшла замуж за ваеннага і, само сабой зразумела, пакалясіла з ім па неабсяжнай краіне нямала. Уладзімір Барысавіч нарадзіўся на Данбасе, але большую частку свайго жыцця правёў у Маскве. У абаіх гэта другі шлюб: яны рана аўдавелі. “Сустрэліся дзве адзіноты”, – так коратка характарызуе Марыя Пятроўна іх сумесны “статус”. Аднак з першых хвілін бачна, што далейшага працягу вядомай песні пра тое, што адзіноты развялі ля дарогі касцёр, які не хоча разгарацца, не здарылася. Разгарэўся, ды яшчэ як! Іх адносіны пранізаны любоўю, клопатам, пяшчотай, павагай, гонарам адно за аднаго. Думаецца, прыгожыя адносіны павінны акаляцца і знешняй прыгажосцю – такі вось доўгі шлях атрымаўся да асноўнай тэмы.
Уладзімір Барысавіч кажа: зразумеў, што хоча жыць у Гарадзішчы, яшчэ ў дарозе. Ад Валкалат яна сапраўды вельмі прыгожая. А пагоркі такія, што язда па іх нагадвае аблегчаную версію папулярнага атракцыёна “Супер-8”, ці, як яго інакш называюць, амерыканскіх горак. І вёска спадабалася, і жыхары яе – працавітыя, прыязныя, дружныя і гасцінныя. Таму вырашылі ад дабра дабра не шукаць і з энтузіязмам узяліся за рамонт дома.
– Ад ранейшага, мусіць, толькі сцены засталіся: дах перакрылі, вокны і дзверы памянялі, вонкавы дызайн зрабілі сучасны, унутры ўсё перапланавалі, абсталявалі, зрабілі ўсе выгоды, за выключэннем электраацяплення, якое збіраемся правесці ў бліжэйшы час, – ахвотна праводзіць экскурсію па сваіх “пенатах” Марыя Пятроўна і дадае: – Не думала, што ў так званым сярэбраным узросце, калі найперш цэняцца спакой і размеранасць, атрымаем задавальненне ад кіпучай дзейнасці.
Уладзімір Барысавіч жа зазначае, што хоць і быў ён гарадскім жыхаром, але меў у Падмаскоўі дачу, на якой многае рабіў сваімі рукамі і з вялікай радасцю. Усе тыя навыкі і ўменні спатрэбіліся яму тут, у беларускай глыбінцы, і іх яркая праява паўсюдна, ад дробязей да фундаментальных будаўнічых спраў – адна толькі драўляная адметная агароджа чаго варта. Мы якраз і заспелі яго за работай з дрэвам у той час, калі Марыя Пятроўна рупілася, як сама жартуе, у раслінаводстве. Жарты жартамі, а клопатаў па гэтай частцы вясковага жыцця хапае: прысядзібная тэрыторыя ў сям’і Кушчак-Брынько ў разы большая, чым праславутыя дачныя шэсць сотак. І газон усюды, і кветак мора, і сад, дзе са старымі дрэвамі суседнічаюць новыя саджанцы, і цяпліца, і невялікі акуратны агарод – ахапіць такую прастору ў адным здымку немагчыма.
Часта ў выхадныя дом і панадворак напаўняюцца галасамі родных людзей, а ў будні цеплыню адносін Марыі Пятроўны і Уладзіміра Барысавіча падтрымліваюць малюсенькая Жулька, якая штохвілінна дэманструе гаспадарам сваю сабачую любоў, і два прыгажэнныя прадстаўнікі сямейства кашачых – Лёва і Бася. Што яшчэ патрэбна для шчасця? Толькі здароўе, якога ад душы гаспадарам і жадаем.
Алена Несцяронак.
Фота аўтара.



