Ученики СШ № 2 г. Докшицы им. У.Ф. Кришталевич не тратят лето впустую

Раман Гапанёнак, Багдан Галацэвіч і Валянцін Грынь: “Вось якія ў нас лісічкі!”

Раман Гапанёнак, Багдан Галацэвіч і Валянцін Грынь: “Вось якія ў нас лісічкі!”

Ліпень – разгар збору дароў лесу, саду і агарода. Улетку рады гандляроў сабранай прадукцыяй на трасах папаўняюцца школьнікамі, якія не праводзяць дні, уткнуўшы насы ў мабільныя тэлефоны, а імкнуцца самастойна зарабіць капейку ці дапамагаюць бацькам у зборы і рэалізацыі грыбоў, ягад, гародніны. Вучні Докшыцкай сярэдняй школы № 2 імя У.Ф. Крышталевіч якраз з гэтай кагорты.

Трох хлапчукоў заўважылі на выездзе з Докшыц у напрамку Бягомля з выстаўленымі на продаж вядзерцамі лісічак і садовай маліны. Пазнаёміліся: сямікласнікі Раман Гапанёнак і Валянцін Грынь, а таксама іх малодшы сябар чацвёртакласнік Багдан Галацэвіч.

– Як гандаль, маладыя людзі? – пацікавіліся.

– Нешта сёння не надта, – уздыхнуў і з сумам апусціў долу бялявы чуб Багдан.

– Яно, бывае, сабраць лягчэй, чым прадаць, – па-даросламу дзеляцца перажываннямі хлопцы. – Ну няхай сабе лісічкі – з імі і колькі дзён можна стаяць, а калі не прадасі, нарыхтоўшчыкам занясеш. А маліны ж могуць сапсавацца, іх у дзень збору трэба і прадаць.

Спачуваем новым знаёмым: гандлёвы бізнес сапраўды рэч нялёгкая. Ды і набраць тых жа лісічак у лесе, дзе процьма камароў, надакучлівых малых мошак і сляпнёў з аваднямі, – не ў гамаку пад вішняй паляжаць. Аднак ёсць у гэтым і важныя станоўчыя моманты. Па-першае, зносіны з жывой прыродай, у якой столькі цікавага. Па-другое, падлеткі атрымліваюць уяўленне, якой цаной дасягаецца матэрыяльны дабрабыт, вучацца цаніць працу бацькоў і не траціць на пустое заробленыя ўласнымі намаганнямі грошы. Школа рэальнага жыцця – яе ўрокі вельмі карысныя ў закладцы светапогляду і разумення сапраўдных каштоўнасцей.

 

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *