В КУСХП «Гнездилово-Агро» старт уборочной кампании дали на новых комбайнах
Надвор’е на гэтым тыдні ўсталявалася для жніва больш-менш спрыяльнае, і ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна кінулі асноўныя сілы на ўборку азімага ячменю. У КУСГП “Гняздзілава-Агра”, дзе пад культуру адведзена 220 гектараў, старт уборачнай кампаніі на новых камбайнах, атрыманых напрыканцы мінулага года, далі тры механізатары: Юрый Ламановіч, Павел Ламановіч і Аляксандр Ясючэня.
Параўнанне камбайнераў з быліннымі героямі невыпадковае: мірная бітва за ўраджай не менш напружаная, чым ратная, а камбайны – ну чым не жалезныя коні? Па стане на раніцу ўчарашняга дня гняздзілаўскія байцы палёў “зваявалі” ўжо больш за 70 працэнтаў плошчаў. Заспелі іх за працай ва ўрочышчы Сялішча. Браты Ламановічы ў гаспадарцы, можна сказаць, старажылы, маюць вялікі стаж і з’яўляюцца прафесіяналамі высокага класа. А вось Аляксандр Ясючэня, ураджэнец гэтых мясцін, – у зусім недалёкім мінулым работнік МНС і таксама ас у сваёй справе. Як аказалася, на ўборачнай Аляксандр Міхайлавіч дапамагае роднай гаспадарцы ўжо чацвёрты сезон і ў якасці камбайнера паказвае сябе не менш годна. Удалечыні на 70-гектарным полі, якое мінулай восенню цалкам засеяў Юрый Ягоравіч Ламановіч, заўважылі таксама механізатара Віталія Пашкевіча, занятага прэсаваннем свежай саломы ў рулоны. На адвозцы ж збожжа рупіліся Аляксандр Батура і Васіль Сталяроў.
Карціна жніва па раёне ўвогуле наступная. Па прынцыпе старажытнарымскага палкаводца Гая Юлія Цэзара “Veni, vidi, vici” (прыйшоў, убачыў, перамог) дзейнічалі аграрыі ААТ “Таргуны”, што за чатыры дні ўбралі ўсе 510 гектараў азімага ячменю, намалацілі 1570 тон – гэта пры ўраджайнасці 30,8 цэнтнера з гектара. Завяршае першы этап жніва ААТ “Бягомльскае”, якое па ўраджайнасці стала лідарам – 31,9 цэнтнера з гектара. КУСГП “АграСітцы”, якое апошнім сярод сельгаспрадпрыемстваў прыступіла да ўборкі, па тэмпах жніва за два дні зраўнялася з астатнімі гаспадаркамі. Думаецца, у час выхаду нашай газеты ва ўсіх сельгасарганізацыях будуць адвезены апошнія тоны ячменю на збожжатакі, а камбайнеры возьмуцца за рэгуліроўку жняярак. Перадыхнуць няма калі: у палях даходзіць да належнай кандыцыі азімы рапс.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.


