Житель столицы Василий Васюкович не теряет связи с родительским домом в деревне Отрубок Березинского сельсовета

Васіль Васюковіч: вадой калодзежнай памыцца – на ўвесь дзень аздаравіцца.

Васіль Васюковіч: вадой калодзежнай памыцца – на ўвесь дзень аздаравіцца.

Мінчанін Васіль Васюковіч, які паўвека таму “вылецеў” з роднай хаты ў вёсцы Атрубок, што ў Бярэзінскім сельсавеце, у вялікі свет, ад той самай хаты не адарваўся і, як толькі надараецца магчымасць, едзе на малую радзіму і жыве вясковым жыццём, як сам кажа, з задавальненнем.

У яго за спінай – сотні тысяч кіламетраў дарог па розных краінах. Васіль Васільевіч шмат гадоў быў вадзіцелем аўтобуса, куды толькі ні вазіў турыстаў. Вобразна і ярка апісвае гарады, людзей, традыцыі, адметнасці быту, прыроду – ад цёплых мораў, горных вяршынь, ахутаных аблокамі, вадаспадаў да паўночнага ззяння і асляпляльна-белых снежных раўнін. Шмат дзе пабываў і сам у якасці турыста. З захапленнем распавядае пра бялюткія пляжы Канарскіх астравоў, але ў размове плаўна пераходзіць на хараство бярэзінскіх лясоў, непаўторную прыгажосць летняй раніцы, якую сустракае каля вады з вудачкай, шматгалосы птушыны хор. Згадвае, якую шыкоўную лісу сустрэў надоечы ля вёскі, як хораша глядзяцца на ізумрудна-зялёным моху жоўтыя россыпы лісічак… У голасе з’яўляюцца цёплыя ноткі – так чалавек гаворыць пра тое, што па-сапраўднаму роднае і дарагое.

У бацькоўскай хаце ён пакінуў практычна ўсё такім, як пры іх жыцці: мэбля, фіранкі на вокнах, вышываныя ручнікі на абразах, фотаздымкі ў рамках на сценах – захаваны дух таго часу, маленькі фрагмент гісторыі. Пра Атрубок даваенны Васіль Васільевіч ведае з расказаў маці, якая рана пайшла з жыцця, і бацькі-франтавіка, што вярнуўся з вайны з узнагародамі і цяжкім раненнем. Спаленая ў Вялікую Айчынную фашыстамі, вёска адрадзілася, адбудавалася ў пасляваенныя гады, і суразмоўца яе памятае густанаселенай (ці не сем дзясяткаў двароў было), з крамай, клубам, васьмігадовай школай, у якой навучалася шмат дзятвы, а галоўнае, кажа, вясёлай, дружнай, працавітай. Варта адзначыць, што дружнай яна і засталася, і Васіль Васюковіч адзін з многіх выхадцаў з Атрубка, якія родныя хаты не прадалі і не закінулі ў запусценні. Мо, таму, разважае, кожны прыезд на радзіму – гэта як вяртанне ў часы дзяцінства і юнацтва, бо вось яны, аднавяскоўцы, з кім разам рос, гуляў дацямна на вуліцы, хадзіў у школу і на танцы. Як і не было тых гадоў расстання, калі іх усіх раскідала па свеце.

Васіль Васільевіч, які жартам называе сябе “В” ў кубе, адзначае, што пенсіённы ўзрост – гэта пачатак новага, свабоднага ад шматлікіх “трэба” і “паспець бы” жыцця. Жыцця шчаслівага, размеранага, сузіральнага, калі хапае часу на няспешныя заняткі па душы, цёплыя зносіны з роднымі, сябрамі і суседзямі, калі ёсць магчымасць пачаць тое, да чаго дзесяцігоддзямі не даходзілі рукі, быць там, дзе падабаецца, знаходзіцца ў гармоніі з прыродай. Так ён і жыве: мыецца раніцай халоднай вадой з умывальніка на падворку, падвечар – ва ўласнаручна зробленым летнім душы. Гатуе простыя сялянскія стравы (якраз заспелі гаспадара за варкай баршчу), вэндзіць, як гэта рабілі здаўна, сала і рыбу, якую таксама сам ловіць. Збірае грыбы ў лесе, закладвае малады сад (яшчэ адна радасць – першы год дае ўраджай грэцкі арэх), штосьці падладжвае, рамантуе, акуратна абкошвае сядзібу або проста адпачывае – душой і целам, адзін ці ў добрай кампаніі. Яго верная палова, што бывае тут наездамі, бо яшчэ працуе, даглядае кветкі і дае Васілю Васільевічу цэнныя ўказанні па іх паліве.

– Жыццё маё дачнае ў самым харошым сэнсе слова, – рэзюмуе ён. – На градах не душуся, раблю тое, што жадаю. Ды яшчэ ў родных сценах – чым не маленькі рай?

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *