Физическая активность стала стилем жизни Анастасии Батура из г.п. Бегомль
Напэўна, ніводнае спартыўнае мерапрыемства раёна не абыходзіцца без удзелу медсястры Бягомльскага дзіцячага сада Анастасіі Батура. Бег, скачкі, валейбол, стральба, лыжы, турыстычныя выпрабаванні – спіс відаў спорту, падуладных ёй, можна доўга працягваць. Як фізічная актыўнасць стала стылем жыцця бегамльчанкі?
– У школе любімым урокам была фізкультура, – успамінае Насця. – Дзесяцігадовай дзяўчынкай пашчасціла пазнаёміцца з заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь Іванам Рацькавічам. Ён і паяднаў мяне з вялікім спортам. Дзякуючы яму стала вучыцца ў Докшыцкай ДЮСШ, а пасля дзевяці класаў паступіла ў Мінскую дзяржаўную абласную сярэднюю школу-вучылішча алімпійскага рэзерву.
За час авалодвання азамі лёгкай атлетыкі Анастасія Батура з’яўлялася шматразовай чэмпіёнкай вобласці па штурханні ядра і кіданні дыска. Асабліва каштоўнай узнагародай лічыць сярэбраны медаль на рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы ў кіданні дыска.
– На вялікі жаль, Іван Дзмітрыевіч ужо не змог раздзяліць са мной радасць той перамогі, у якой, безумоўна, ёсць і яго вялікая заслуга, – гаворыць суразмоўца. – Ён навучыў любіць спорт, змагацца са страхамі, верыць у сябе і ў свае сілы, быць моцнай духам. Гэта навука і сёння дапамагае ў жыцці. Так склалася, што паступіць у інстытут фізкультуры ў мяне адразу не атрымалася. Але спорт навучыў не здавацца перад складанасцямі, а дзейнічаць і дабівацца мэты. І вось ужо за спінай другі курс жаданай вучобы. Перад гэтым атрымала медыцынскую адукацыю. Дарэчы, яна мне вельмі спатрэбілася, бо вучуся завочна на факультэце фізічнай рэабілітацыі.
Медсястрой Анастасія працуе шосты год. З задавальненнем выступае ў саставе каманды Бягомльскага сельсавета на спартыўных, і не толькі, спаборніцтвах. У вольны час наведвае секцыю па валейболе. А яшчэ з’яўляецца трэнерам харэаграфічнай студыі “ЭнергаФіт”: два разы на тыдзень праводзіць фітнес-заняткі для прадстаўніц залатога ўзросту, дапамагаючы старэйшаму пакаленню заставацца актыўным і здаровым.
– Лічу, што спорт – гэта не толькі фізічная актыўнасць, але і спосаб наладжваць адносіны з людзьмі, – працягвае Анастасія. – Калі займаешся спортам, знаходзіш сяброў, аднадумцаў, якія падтрымліваюць цябе ў любых пачынаннях.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

