Докшицкие земледельцы: урожайность зависит от сортов

У мерапрыемствах, якія накіраваны на павышэнне ўраджайнасці і якасці сельскагаспадарчых культур, асноўная роля адведзена сорту. Замена старых сартоў больш прадукцыйнымі новымі з высокімі тэхналагічнымі якасцямі з’яўляецца адным з рашаючых фактараў павышэння ўраджайнасці і эканамічнай апрацоўкі культур.

На ўраджай 2013 года вучонымі-селекцыянерамі былі адабраны лепшыя сарты і гібрыды. У дзяржаўныя рэестры дадаткова ўключана 9 сартоў азімай пшаніцы: “аркціз”, “багемія”, “бакрыс”, “дромас”, “мулан”, “прыазерная”, “сейлар”, “скаген”, “фігура”, два сарты азімага жыта: “белая вежа” і “афелія”, адзін сорт азімага трыцікале “папсуеўская”, тры сарты азімага ячменю: “амарэна”, “бажант”, “бартош”, шэсць сартоў азімага рапсу: “аляксандр”, “жнівень”, “банефіт”, “імперыял”, “маналіт” і г.д. Сорт азімага жыта “галубка” аднесены да перспектыўных на 2013 год.

– Якое насенне новага сорту, што было пасеяна на палях нашага раёна, дало стабільна высокі ўраджай? – з гэтым пытаннем звяртаемся да  намесніка начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Людмілы Бальчэўскай.

– З элітным насеннем працуе ў раёне ў асноўным ААТ “Таргуны”, – канстатуе Людміла Аляксандраўна. – Летась, напрыклад, там пасеялі на  10 гектарах азімае жыта сорту “афелія”. З кожнага гектара сабралі ў сярэднім па 42 цэнтнеры збожжа.  Сёлета плошчу пад гэты сорт павялічылі да 287 гектараў. Сяўбу правялі ў аптымальныя тэрміны і разам спадзяёмся на высокі ўраджай наступнага года.

Яшчэ большую ўраджайнасць даў у “Таргунах” сорт азімага жыта “пламя”. На круг выйшла па 45,6 цэнтнера.  Калі ў сярэднім па раёне ўраджайнасць ячменю склала 28,3 цэнтнера збожжа, то сорт “ладны” на палях  акцыянернага таварыства даў 51 цэнтнер, “водар” – 44, “магутны” – 42 цэнтнеры з гектара. Станоўчую адзнаку атрымалі сарты піваварнага ячменю “серваль” і “таргал”. Тыя гаспадаркі, якія засеялі свае плошчы імі, засталіся ў выйгрышы.

Пераможцам раённага спаборніцтва ў 2012 годзе за павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня стаў калектыў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Тут у сярэднім сабралі з кожнага гектара па 34,4 цэнтнера збожжа. Выйшлі на такі ўзровень за кошт добра праведзеных доглядных работ і ўнясення патрэбнай колькасці мінеральных угнаенняў. На палях аграсэрвісу ячмень “бровар” даў у сярэднім з кожнага гектара па 57,3 цэнтнера зерня, а яравая пшаніца “тома” – 49,5 цэнтнера.    

Сяўбу яравых збожжавых культур плануюць у раёне правесці насенным матэрыялам беларускай селекцыі. Неабходная колькасць яго, а гэта 4100 тон, ёсць. Пасля ачысткі ўсе гаспадаркі здалі пробы на аналіз. Некандыцыйнага матэрыялу інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін не выявіла. Тым не менш, агранамічная служба раёна працуе над сортаабменам, падборам насення для канкрэтнай гаспадаркі, згодна з глеба-кліматычнымі ўмовамі. Чакаюць таксама ў раёне разнарадкі з вобласці на закуп элітнага насення.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: з гэтага поля аграном-насеннявод  ДП “АграСітцы”  Ірына Бяляўская сабрала насенны матэрыял азімага жыта “біруза”.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *