Колобок и все-все-все… Сказку из цемента создает Анна Шибут из агрогородка Барсуки

ЕН 1928 с

Дажджлівы дзень, шэрае нізкае неба. У такую пару нават кветкі, здаецца, губляюць сваю яркасць. Таму не магло не кінуцца ў вочы шматфарбнае аздабленне двара двухпавярховіка на вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку Барсукі. Спыніліся, каб сфатаграфаваць такое хараство і даведацца, чыё гэта аўтарства. Пашанцавала: стваральніцу ўбачылі адразу на яе рабочым месцы. Ганна Шыбут, былы кухар мясцовай школы, а зараз пенсіянерка, чаравала над сваім чарговым вырабам … з цэменту.

ЕН 1930

Ганна Леанідаўна кулінарыла ў школе ажно 33 гады і славілася на ўсю акругу як майстар вышэйшага класа. Яе запрашалі гатаваць на вяселлях, юбілеях, іншага роду ўрачыстасцях. Салаты, рулеты, закускі, мясныя і рыбныя стравы, выпечка – не існуе нічога, што не было б падуладна рукам майстрыхі. Ну а творчы чалавек, як вядома, праяўляе творчасць ва ўсім. Яшчэ ў часы працы ў школе Ганна Леанідаўна занялася вырабам карцін з салёнага цеста. Яе цудоўныя работы можна і зараз бачыць ва ўстанове.

ЕН 1929

– Яшчэ я заўсёды любіла кветкі і імкнулася іх вырошчваць як у кватэры, так і на вуліцы, – падзялілася жанчына з намі. – На пенсіі для гэтага паявілася больш часу. Лічу, што кветкі ўсе прыгожыя, важна толькі, каб яны былі яшчэ прыгожа пасаджаны. Неяк у сацыяльных сетках натрапіла на майстар-клас па вырабе кашпо з цэменту. Мне гэта падалося нескладаным. Бярэш старое непатрэбнае вядро, пераварочваеш уверх дном, на ім раскладваеш тканіну, шчодра змочаную ў растворы цэменту. Высыхае – здымаеш з вядра, расфарбоўваеш на свой густ. Вось эксклюзіўнае кашпо і гатова. Зрабіла некалькі такіх – далей нецікава, чагосьці новага хочацца і больш складанага. Так стала асвойваць цэментны дэкор падрабязней, майстэрства адточваць. Паступова ад рознага роду вазоніц перайшла да вырабу садовых фігур. Гэта працэс няхуткі, паэтапны, але вельмі цікавы. Столькі яшчэ ў планах!

Аглядаем “казку” новай знаёмай – немагчыма не захапляцца! З драўлянымі домікам на курыных ножках і млынам суседнічаюць рознакаляровыя гарбузы-таўстуны, грыбы, Калабок на пяньку, на якім нават малюсенькія грыбочкі выраблены з цэменту. А вось пад кустом язміну прытаіліся журавы, а вось выйшаў на прагулку вясёлы гном… Ганна Леанідаўна паступова ўскладняе сабе задачы, і ў працэсе вырабу зараз знаходзяцца два элегантныя гусакі і ліса, якая стане выдатным дапаўненнем да Калабка.

ЕН 1933ЕН 1934

Усе куточкі двара, усе незадзейнічаныя лапікі зямлі ўмеліца стараецца выкарыстаць як для чагосьці прыгожага, так і для карыснага. Нават агуркі растуць у вялікіх шынах, лезуць наверх, да сонца, па жэрдачках, змацаваных накшталт індзейскага вігвама. І тут яна рушыць стэрэатыпы. Што можна да вышэйсказанага дадаць, калі вынікі творчай фантазіі і працы гавораць самі за сябе? Толькі тое, што такія людзі, як Ганна Шыбут, і з’яўляюцца рухавікамі прагрэсу.

ЕН 1928

Алена Несцяронак. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *