Быть ближе к людям, выслушивать и помогать — формула успеха председателя профпервички ОАО «Докшицкий райагросервис» Анастасия Маркович
Для эфектыўнай прафсаюзнай дзейнасці на ўсіх кірунках важна быць бліжэй да людзей, выслухваць кожнага і аказваць дапамогу – такую простую формулу поспеху выводзіць спецыяліст па кадрах і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Анастасія Марковіч.
Асноўнымі ж задачамі малады лідар прафпярвічкі лічыць абарону працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза, стварэнне належных умоў для працы і спрыяльнага мікраклімату ў калектыве, якасную і сістэмную арганізацыю работы па ахове працы, клопат аб здароўі людзей для таго, каб не толькі няшчасным выпадкам, але і прадпасылкам узнікнення прафзахворванняў не было месца.
Анастасія Паўлаўна, якая ў райаграсэрвісе старшыня прафпярвічкі з 2018 года, ніколі не задумвалася над тым, дзе браць час на тое, каб аднолькава паспяхова паспяваць і ў прафесійнай, і ў грамадскай дзейнасці. Проста яе разуменне слова “трэба” служыць і кіраваннем, і стымулам.
– Насця – чалавек, які ўсёй душой хварэе за любую справу, якой ёй даводзіцца займацца, – адзначае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч. – Да ўсяго яна мае арганізатарскія здольнасці, вельмі патрабавальная да сябе, а да людзей умее знаходзіць індывідуальны падыход. Лічу, выдатныя якасці для прафсаюзнага лідара.
– Асноўны дакумент па абароне сацыяльных і эканамічных правоў – гэта, канешне ж, калектыўны дагавор, які прадугледжвае дадатковыя льготы, гарантыі і кампенсацыі членам прафсаюзнай арганізацыі, – адзначае ў размове Анастасія. – Ім пастаянна кіруюся ў рабоце, згодна з ім вядзецца работа па аздараўленні людзей – накіроўваем нашых работнікаў на санаторнае лячэнне з аплатай ад прафсаюза 50 працэнтаў кошту пуцёўкі. Штогод робім падарункі калегам да Дня абаронцаў Айчыны, 8 Сакавіка, да Новага года – дзецям. Прадугледжаны грашовыя выплаты ў сувязі з юбілеямі, выхадамі на заслужаны адпачынак і гэтак далей.
Прафсаюзны лідар не забывае пра культурны бок жыцця пярвічкі. Кожны год у райаграсэрвісе арганізоўваюцца экскурсійныя паездкі. Зусім нядаўна пабывалі на “Славянскім базары” ў Віцебску. Яркія ўражанні, распавядае суразмоўца, засталіся ад паездкі ў Дудуткі. У планах на бліжэйшую будучыню – наведванне Лідскага замка і піваварні.
Анастасія зараз дакшычанка. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Целяшы Параф’янаўскага сельсавета, дык прадпрыемства, на якім працуе, для яе, можна сказаць, роднае. Выпускніца Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Правазнаўства”, яна прыйшла ў райаграсэрвіс у 2008 годзе на пасаду юрысконсульта. З 2015-га – спецыяліст па кадрах. Зазначае, што менавіта такая работа дапамагае ёй у прафсаюзнай дзейнасці. Кіраўніцтва гаспадаркі характарызуе Анастасію Паўлаўну як акуратнага і скрупулёзнага спецыяліста. Сама ж яна прызнаецца, што веды і атрыманы вопыт дапамагаюць ёй не браць работу на дом, які б яе аб’ём ні быў. Цалкам згодная з тым, што шчаслівае сямейнае жыццё дае стымул для поспехаў у працы, таму сям’і таксама паспявае ўдзяляць вялікую ўвагу.
Шчасце Анастасіі – гэта муж Дзяніс, электрагазазваршчык ТАА “Рэгул-Інвест”, дачушка Паліна, што ўжо студэнтка, і сыночак Ягор, пяцікласнік. Жывучы ў райцэнтры, кажа, ад вёскі не адарваліся: ёсць дача ў Струках, а там, як у прыстойных вяскоўцаў, і сад, і кветнікі, і агарод. Дапамагаюць таксама бабулі, што жыве ў Целяшах. А яшчэ маладая жанчына вельмі любіць лес, і яе родныя раздзяляюць з ёй гэта захапленне. Таму выезды ў грыбы, ягады і проста на прагулку частыя і ў любую пару года. Падчас іх Анастасія атрымлівае зарады бадзёрасці, якія дапамагаюць спраўляцца з усімі працоўнымі і грамадскімі абавязкамі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

