Праздник, посвященный Дню железнодорожников и дню агрогородка, состоялся в Крулевщине
У Крулеўшчыне адбылося брэндавае мерапрыемства “Віват, Крулеўшчынскі экспрэс!”, прысвечанае прафесійнаму святу чыгуначнікаў і дню аграгарадка.
Аб’яднанне дзвюх урачыстасцей у адну невыпадковае, бо чыгуначнікі ёсць у радаводзе амаль кожнай крулеўшчынскай сям’і. Больш за тое, у аграгарадку склалася шмат дынастый, якія займаліся чыгуначнай справай. Таму фанфары, гудок паравоза – і свята завіравала!
Шчыра павіншаваў прысутных намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі. Пажадаў ім поспехаў, падзякаваў за захаванне традыцый і ўручыў узнагароды лепшым з лепшых.
Падзяка старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства аб’яўлена прыёмшчыку грузаў і багажу па станцыі Круляўшчызна Алесі Гіцук. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу ў сферы чыгуначнага транспарту, высокі прафесіяналізм узнагароджаны дзяжурны па станцыі Круляўшчызна Мікалай Баран. Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна атрымала выхавальнік Крулеўшчынскага дзіцячага сада Аксана Круглая. Падзяка старшыні раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі аб’яўлена трактарысту РУП ЖКГ «Докшыцы-камунальнік» Веніаміну Юхневічу.
У рамках раённага праекта «Жаночы код Докшыччыны», прымеркаванага да Года беларускай жанчыны, на сцэне віталі мясцовую паэтку Аліну Легастаеву – аўтара васьмі зборнікаў паэзіі на беларускай і рускай мовах, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сяргей Элефторавіч уручыў таленавітай пісьменніцы, якая нядаўна адзначыла юбілей, кветкі і падарункавы сертыфікат. У сваю чаргу Аліна Антонаўна парадавала гледачоў новым лірычным вершам “Бацькоўскі дах”.
Да віншаванняў землякоў далучылася начальнік чыгуначнай станцыі Круляўшчызна Таццяна Кавалёнак. Пажадала ўсім мірнага неба над галавой і ўручыла падзяку аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Беларускага прафесійнага саюза работнікаў транспарту і камунікацый саставіцелю цягнікоў Аляксандру Царыкаву – за добрасумленную працу ў сферы чыгуначнага транспарту, высокі прафесіяналізм, актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Па традыцыі на свяце ўшанавалі доўгажыхароў і нованароджаных аграгарадка. Сярод сяльчан, якія перасягнулі 90-гадовы парог, Лідзія і Браніслаў Бакшанскія, Марыя Галіноўская, Адэля Згірская, Надзея Кірыкава, Ганна Літвін, Сафія Рацькавіч, Таццяна Лысенка, Валяр’ян Мальчонак, Лізавета Русак, Мікалай Сялянік, Ганна Яцкевіч. Сярод новых сёлетніх жыхароў – Міраслаў Аўласовіч, Кіра Арцімовіч, Данііл Баброўскі, Даніла Папко, Мірон Фурманаў, Аляксандр Януковіч.
Апладысментамі сустракалі гледачы сямейную пару Анашкевічаў, якая ў гэтым годзе адзначае залатое вяселле, а таксама імяніннікаў гэтага святочнага дня.
З прывітальным словам звярнуўся да жыхароў старшыня Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Іваньковіч. Падзякаваў ім за нераўнадушнасць да малой радзімы і падвёў вынікі конкурсу па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый. Дыпломам за навядзенне ўзорнага парадку на асабістым падворку была ўзнагароджана сям’я Анатоля і Галіны Кучыцаў.
Узнагароды за ўдзел у прэзентацыі тэматычных пляцовак пад назвай “Вагон добрага настрою”, дзе была прадстаўлена ўсялякая дамашняя смаката, атрымалі калектывы арганізацый. А пераможцай у конкурсе “Ссабойка чыгуначніка” стала ўчастковая бальніца, другое месца ў чыгуначнай станцыі, трэцяе – у аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.
Для дзяцей быў арганізаваны конкурс гульнявых праграм, працавалі атракцыёны. На асобных пляцоўках мясцовыя майстры дэманстравалі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўласнай работы.
Шыкоўным музычным падарункам для крулеўшчынцаў стала выступленне артыстаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
А закончыўся гэты насычаны на падзеі дзень святочнай дыскатэкай.
Арына АЛЯКСАНДРАВА.


















