В Докшицах в рамках Республиканского фестиваля дружбы и искусства «Две реки» прошёл конкурс вокалистов «Березинские напевы»
Па традыцыі на высокім прафесійным узроўні прайшоў у фестывальных Докшыцах конкурс вакалістаў “Бярэзінскія напевы”.
Удзельнікаў ацэньвала аўтарытэтнае журы пад кіраўніцтвам вядомай беларускай спявачкі Гюнеш: артыст беларускай эстрады Андрэй Коласаў, наш зямляк заслужаны дзеяч культуры БССР, кампазітар, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, ганаровы госць фестывалю Мар’ян Зелянкевіч, загадчык аддзела Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Дар’я Паўлючэнка, кіраўнік народнага хору “Любанія”, заснавальнік і саліст народнага вакальнага калектыву “Велея казачая” Вілейскага палаца культуры, любімец докшыцкай публікі Андрэй Дударчык і яшчэ адзін наш зямляк саліст заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь – ансамбля танца, музыкі і песні “Талака” Віцебскай абласной філармоніі Уладзіслаў Палачанін.

За перамогу змагаліся салісты і калектывы з Мінска, Віцебска, Полацка, Оршы, Барысава, Глыбоччыны і іншых гарадоў і раёнаў. Докшыцкую вакальную школу прадставілі салісты народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” гарадскога Цэнтра культуры Ірына Грахоўская і Канстанцін Насеннік.
Кампазіцыі, з якімі выступілі ўдзельнікі конкурсу, сталі цэлымі гісторыямі, праспяванымі сэрцам: пра каханне, любоў да роднай зямлі і сэнс жыцця. На розных мовах, у разнастайных жанрах, песні кранулі як гледачоў, так і журы.
Ацэньвалі ўдзельнікаў па намінацыях “Саліст-вакаліст” і “Вакальны ансамбль” у дзвюх узроставых катэгорыях: ад 16 да 31 года і ад 32 гадоў і больш.
Лепшымі сярод калектываў прызнаны ансамбль “Шанс” Домжарыцкай дзіцячай школы мастацтваў Лепельскага раёна (ад 32 гадоў) і вакальная група ўзорнай вакальнай студыі “Эрыдан” Цэнтра культуры “Полацк” (да 31 года). Лепшым салістам-вакалістам стала Алеся Свірко з Цэнтра культуры “Полацк” (ад 32 гадоў), Гран-пры прысуджаны Нэлі Казаран, якая прадстаўляла Культурна-гістарычны комплекс “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна” (катэгорыя – да 31 года).
Дакшычыне Ірына Грахоўская і Канстанцін Насеннік таксама выступілі цудоўна – у зале іх шчыра вітала група падтрымкі.
Падчас канцэрта гледачы перажылі шырокую палітру пачуццяў: радасць і сум, боль і шчасце, пяшчоту і сардэчнасць. Конкурс стаў сапраўдным святам таленту і натхнення.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

