О детях в неблагополучных семьях говорилось на президиуме Докшицкого райсовета депутатов (+ ФОТО)

img_5412На мінулым тыдні адбыўся выязны прэзідыум раённага Савета дэпутатаў, які правяла яго старшыня Валянціна Рандарэвіч.
Была разгледжана дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі Тумілавіцкага сельсавета па рэалізацыі норм Дэкрэта Прэзідэнта № 18 ад 24 лістапада 2006 года “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай абароны дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці” і рэалізацыя Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Каб пазнаёміцца з арганізацыяй вольнага часу дзяцей, што з’яўляецца адным з галоўных момантаў у прафілактычнай рабоце з так званымі “цяжкімі” непаўналетнімі, удзельнікі мерапрыемства наведалі некаторыя ўстановы адукацыі і культуры сельсавета. Загадчыца Таргуноўскага СДК Вольга Квачонак расказала, што для вясковых дзяцей, а іх колькасць у летні час даходзіць да 70 чалавек, ладзяцца дыскатэкі, арганізоўваюцца паходы, працуюць тры клубныя фарміраванні, некалькі гурткоў.
Лепшым інструментам выхавання дзяцей загадчыца Таргуноўскага садка Алена Русак лічыць цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі, калі таты і мамы з’яўляюцца не пасіўнымі наведвальнікамі мерапрыемстваў, а актыўнымі іх удзельнікамі, што дазваляе ім бачыць паводзіны сваіх дзяцей непасрэдна ў садкоўскім асяродку. У падтрымку слоў загадчыцы быў паказаны канцэрт, у якім з задавальненнем прынялі ўдзел дзеці, бацькі і самі выхавальнікі. Тумілавіцкая бібліятэка-клуб парадавала тэматычнай гадзінай “Хлеб, соль і доля”, якую падрыхтавалі ўдзельнікі гуртка, што працуе пры этнаграфічным музеі (на здымку). На думку загадчыцы ўстановы Зінаіды Сценнік, выхаванне любові да народных традыцый, фальклору і этнаграфіі іграе важную ролю ў фарміраванні нацыянальнага самаўсведамлення і духоўнасці падлеткаў. На працоўным навучанні робяць акцэнт у Тумілавіцкай сярэдняй школе-садку. Дзеці вучацца многім працоўным навыкам, калі дапамагаюць даглядаць прышкольную гаспадарку, наводзіць парадак на тэрыторыі школы. Ва ўсіх названых мерапрыемствах абавязкова задзейнічаны дзеці з нядобранадзейных сем’яў.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Інэса Марчанкава станоўча адзначыла дзейнасць узгаданых устаноў, але гэтага, зразумела, недастаткова, лічыць яна. Сёлета ў красавіку з сям’і ў вёсцы Вецяра прыйшлося забраць траіх дзяцей. На чарзе яшчэ адна сям’я з двума дзецьмі з Таргуноў. Летась таксама двое дзяцей з гэтага населенага пункта пэўны час знаходзіліся ў прытулку. Зараз яны вярнуліся ў сям’ю пасля таго, як з бацькамі ўшчыльную папрацавалі. Магчыма, каб суб’екты прафілактыкі — маюцца на ўвазе СШ № 1 г. Докшыцы, дзе вучацца дзеці, сельвыканкам, участковы інспектар — забілі трывогу раней, то названых кардынальных мер, якія вельмі траўміруюць малых, удалося б пазбегнуць.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, падводзячы вынікі, асабліва падкрэсліла, што трэба прыкладаць максімум намаганняў і быць прынцыповымі пры рабоце з патрабаваннямі Дэкрэта № 18, бо галоўнае ў гэтай дзейнасці – захаваць дзіця ў сям’і.
Гаворачы аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, старшыня сельвыканкама Генадзь Пацэвіч адзначыў, што на васьмі сесіях сельскага Савета, які прадстаўлены 11 дэпутатамі, разглядаліся 22 важныя для жыцця сельсавета пытанні. Гэта добраўпарадкаванне населеных пунктаў, пажарная бяспека і зямельнае заканадаўства, сацыяльнае абслугоўванне і іншыя. На тэрыторыі сельсавета ёсць уся неабходная інфраструктура, выконваюцца ўсе мінімальныя стандарты ў ЖКГ, адукацыі, ахове здароўя, транспарце, сувязі, гандлёвым абслугоўванні. Пытанні сацыяльнай абароны насельніцтва знаходзяцца пад пільнай увагай сельскага Савета дэпутатаў, сельвыканкама. Першымі памочнікамі дэпутатаў з’яўляюцца старэйшыны, якія актыўна працуюць у сваіх населеных пунктах.
Па разгледжаных на пасяджэнні пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *