В Докшицкой ЦРБ состоялось торжественное открытие комнаты психологической разгрузки «Эмоциональная гавань»
У дзень горада Докшыцы ў цэнтральнай раённай бальніцы адбылося ўрачыстае адкрыццё пакоя псіхалагічнай разгрузкі “Эмацыянальная гавань”.
На цырымоніі прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко, госці свята.
Стварэнне “Эмацыянальнай гавані” стала магчымым дзякуючы перамозе каманды педыятраў ЦРБ у рэспубліканскім конкурсе маладзёжных ініцыятыў, які праводзіцца пад эгідай Міністэрства адукацыі і грамадскага аб’яднання “БРСМ”.
На рэалізацыю праекта пераможцам было выдзелена 30 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, значны ўклад у добрую справу ўнесла ТАА “Космаінвест” – спонсарскія сродкі склалі 15 тысяч рублёў. Галоўны ўрач ЦРБ Вераніка Рамановіч падзякавала калегам і дабрачынцам за ініцыятыўнасць, падкрэсліла важнасць новага пакоя для маленькіх пацыентаў і іх бацькоў, дзе можна будзе камфортна адпачыць, зняць псіхалагічнае напружанне, арганізаваць сустрэчы з медыцынскім персаналам, валанцёрамі і прадстаўнікамі грамадскасці. Вераніка Аляксандраўна ўручыла падзячны ліст і сувенір ад бальніцы заснавальніку ТАА “Космаінвест” Эцігаду Ібрагімаву.
Пакой псіхалагічнай разгрузкі аснашчаны сучасным абсталяваннем, набытым з улікам тэрапеўтычнай эфектыўнасці і бяспекі. Тут размяшчаюцца зоны адпачынку, навучальныя і гульнявыя модулі. Раённы педыятр Таццяна Цімашчук, якая асабіста абараняла праект перад камісіяй конкурсу, расказала гасцям пра шматфункцыянальнасць пакоя і выказала спадзяванне, што папулярнасць “гавані” будзе забяспечана.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.







