В Докшицком районе продолжается чествование комбайнеров-тысячников

Аляксандр Закрэўскі, Сяргей Рацькавіч, першы сакратар РА ГА “БРСМ” Вераніка Норавіч, Алег Скукоўскі, дырэктар ААТ “Барсучанка” Сяргей Маскалёнак (злева направа).
Працягваецца ўшанаванне камбайнераў, якія намалацілі па тысячы тон збожжа.
З такой прыемнай місіяй старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч наведаў днямі ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, дзе ўручыў заслужаную ўзнагароду старшаму камбайнеру Вячаславу Кавалёнку. У ААТ “Барсучанка” віншаванні прымаў Аляксандр Закрэўскі. У гэтай жа гаспадарцы тысячнага намалоту дасягнулі маладыя механізатары Алег Скукоўскі і Сяргей Рацькавіч – ім таксама выказала словы падзякі і ўручыла падарункі першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Вераніка Норавіч.
У ААТ “Таргуны” да самага значнага спісу тысячнікаў далучыўся Генадзь Кішэня. У гаспадарцы, дзе самыя значныя плошчы жніва і самая высокая ўраджайнасць, чатыры экіпажы камбайнераў – Сяргей Ралавец з Аляксеем Мялешкам, Юрый Малюжанец, Вячаслаў Аніковіч і Аляксандр Трус – намалацілі па дзве тысячы тон, і ім дакладна па плячы дзве з паловай. На дапамогу сельгаспрадпрыемству прыбыў з КУСГП “Гняздзілава-Агра”, дзе ўборка збожжавых і зернебабовых культур ужо завершана, Аляксандр Ясючэня. Вынік – тысячны намалот.
У КУСГП “АграСітцы” першымі нажалі па тысячы тон Аляксандр Кудзерка, Дзмітрый Міхалевіч і Міхаіл Латковіч, а ў ААТ “Бягомльскае” такой лічбай могуць па праве ганарыцца браты Андрэй і Павел Ганусы і Алег Радзевіч.
Несумненна, лічба 24 не канчатковая, паколькі па стане на раніцу ўчарашняга дня ў сярэднім па раёне ўбрана 79,6 працэнта плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць – 27,2 цэнтнера з гектара. Вышэйшы за сярэднераённы намалот у ААТ “Таргуны” – 32,3 цэнтнера з гектара, КУСГП “АграСітцы” – 30,1, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – 27,4 цэнтнера з гектара. Адначасова са збожжавымі зараз ідзе ўборка яравога рапсу. У ААТ “Бягомльскае” яна ўжо завершана, ураджайнасць высокая – 30,1 цэнтнера з гектара. Дажынаюць рапс і ў райаграсэрвісе, дзе намалот чорнага золата складае 21,2 цэнтнера з гектара. Тры абяцаныя сіноптыкамі дні без ападкаў, безумоўна, паспрыяюць аграрыям у тэмпах жніва. Будзем спадзявацца, што і апошнія дні летняга месяца не пакрыўдзяць працаўнікоў палёў моцнымі ліўнямі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.




