Водитель-виртуоз работает в газовой службе Докшицкого района

IMG_8542 с

З дыпломам вярнуўся са штогадовага агляду-конкурсу “Лепшая транспартная служба УП “Віцебскаблгаз” 2026 года” вадзіцель аўтамабіля Докшыцкага раёна газазабеспячэння Андрэй Аксючыц. Аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыяй унітарнага прадпрыемства ён адзначаны ў намінацыі “Віртуознае кіраванне”.

У конкурсе была прадстаўлена цэлая каманда работнікаў РГЗ: акрамя Андрэя, выступілі таксама майстар Іван Майсяёнак і вадзіцель Арцём Трус. На адборачным этапе докшыцкі калектыў стаў пераможцам, аднак у фінале трохі не хапіла, каб выйсці ў прызёры. Канкурэнцыя высокая, бо ў газавай галіне вобласці працуюць сапраўдныя прафесіяналы.
– Наша каманда старанна рыхтавалася да праверкі тэарэтычных ведаў па пытаннях Правіл дарожнага руху, Правіл перавозкі небяспечных грузаў, абследавання аўтамабіля, – расказаў Андрэй Аляксандравіч. – А ў якасці практычнага іспыту патрэбна было пераадолець паласу перашкод.

Для вадзіцельскага майстэрства Андрэя перашкод жа не існуе – ён і насамрэч філігранна кіруе транспартам: акуратна, мякка, упэўнена. Таму і нядзіўна, што прэстыжная ўзнагарода дасталася менавіта яму.

Малады мужчына адзначае, што да тэхнікі цягнуўся са школы і кіруе аўтамабілем з паўналецця – вось ужо пятнаццаць гадоў. Пасля тэрміновай службы ў арміі працаваў на грузавым аўтамабілі MAN і бензавозе, а ў Докшыцкі РГЗ уладкаваўся пяць гадоў назад. На апошнім месцы працы першыя два гады быў слесарам па дастаўцы звадкаванага (балоннага) газу і марыў перасесці за руль. Жаданні збыліся: цяпер ён вадзіцель аварыйна-дыспетчарскай службы. Кіраваць “аварыйкай”, кажа, нескладана, галоўнае, ведаць, дзе і што знаходзіцца ў машыне з абсталявання, бо яго шмат. Выязджае ў складзе брыгады па заяўках грамадзян – на ўстараненне непаладак і паломак, замену газавых пліт, а таксама на рамонтныя работы і г. д. Служба клопатная, але прыносіць маральнае задавальненне ад адчування значнасці дзейнасці.

А дома Андрэя чакае любімая сям’я: жонка Вольга, якая да дэкрэтнага водпуску працавала старшай медсястрой цэнтральнай раённай бальніцы, сямігадовы сын Цімафей і дзесяцімесячная дачушка Аніта. Бацька знаходзіць час, каб парадаваць дзяцей паездкамі на атракцыёны, у паркі ці запаведнік. Сумеснае баўленне часу збліжае родных людзей яшчэ больш.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *