Новое офтальмологическое оборудование установлено в Докшицкой ЦРБ

Урач Анастасія Прымак (справа) і медсястра афтальмалагічнага кабінета Докшыцкай паліклінікі Іна Каралевіч ля толькі што атрыманай медыцынскай тэхнікі.

Урач Анастасія Прымак (справа) і медсястра афтальмалагічнага кабінета Докшыцкай паліклінікі Іна Каралевіч ля толькі што атрыманай медыцынскай тэхнікі.

Докшыцкая ЦРБ папоўнілася новым афтальмалагічным абсталяваннем. За кошт сродкаў раённага бюджэту набыты аўтарэфкератометр і шчылінная лямпа – сучасныя медыцынскія прыборы для праверкі зроку і своечасовага выяўлення захворванняў вачэй.

Для любой раённай бальніцы мець у штаце спецыялістаў “вузкага” профілю – удача. У Докшыцах з 2022 года працуе свой урач-афтальмолаг – малады спецыяліст Анастасія Прымак. Дзяўчына – выпускніца СШ № 2 г. Докшыцы, скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Медыцынская дапамога “вочнага” доктара высока запатрабавана мясцовымі пацыентамі – штодзень па яе звяртаюцца 50-60 чалавек.

– Людзі прыходзяць, каб падабраць акуляры, з хваробамі, траўмамі і на прафагляды, – распавядае Анастасія Валер’еўна. – Набытае абсталяванне палепшыць якасць дыягностыкі і зэканоміць час на ўрачэбных абследаваннях, што ў сваю чаргу станоўча паўплывае на даступнасць медыцынскіх паслуг.

Аўтарэфкератометр прызначаны для ацэнкі рэфракцыі вока, гэта значыць праламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы, растлумачыла ўрач. Камп’ютарны прыбор дазваляе хутка вызначыць параметры рагавіцы, ступень яе крывізны і своечасова дыягнаставаць кератаконус, які прыводзіць да блізарукасці, астыгматызму, зніжэння вастрыні зроку. Выкарыстоўваецца для больш дакладнага падбору кантактных лінз.

Шчылінную лямпу можна назваць мікраскопам для агляду вачэй, які дапамагае выявіць запаленчыя працэсы, сасудзістыя парушэнні, іншыя паталогіі.

Абсталяванне ўжо гатова да выкарыстання.

Арына АЛЯКСАНДРАВА.
Фота прадастаўлена ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *