«Звёздный» фельдшер Юрий Коваленко вернулся на Докшиччину

IMG_8627

Ураджэнца вёскі Варганы Юрыя Каваленку ведаюць у Віцебску як “зорнага” фельчара: на працягу 33 фестывальных сезонаў “Славянскага базару” ён нёс вахту каля Летняга амфітэатра ў складзе брыгады хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі. 

Камунікабельны, прыветлівы, а самае галоўнае, кампетэнтны, Юрый Мікалаевіч заваяваў аўтарытэт у многіх зорак сцэны. Не гаворачы ўжо пра абсалютны давер калег і прызнанне пацыентаў горада. А два гады таму, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, вярнуўся на малую радзіму. Аднак адпачываць не стаў – уладкаваўся на “хуткую” ў Докшыцах.

За плячыма ў Юрыя пасля навучання ў Полацкім медвучылішчы 44 гады працоўнага стажу, і ўсе – на “хуткай”. Закончыў адзін курс медуніверсітэта, але ў сілу пэўных абставін вучобу прыйшлося пакінуць, аб чым цяпер і не шкадуе.

– Я ўлюбёны ў сваю прафесію, – кажа ён. – Калі бачу, што медыцынская дапамога прынесла палёгку пацыенту, хочацца лётаць.

Узгадвае, наколькі глыбокапаважанай была яго прафесія ў ранейшыя часы, а цяпер, на жаль, пацыенты не заўсёды па заслугах цэняць працу медыкаў. Хаця ў сельскай мясцовасці, заўважае, па-ранейшаму шмат удзячных людзей. “Асабліва на Бягомльшчыне”, – падкрэслівае, бо сам нясе дзяжурствы менавіта на пасту ў гарпасёлку.

Праводзіць паралелі і ў магчымасцях аказання хуткай медыцынскай дапамогі:

– Неба і зямля ў параўнанні з той парой, калі я толькі прыступіў да работы. Напрыклад, у Віцебску тады быў толькі адзін апарат ЭКГ на ўсю гарадскую службу. А зараз медыцынскі аўтамабіль не ўступае цэлай палаце інтэнсіўнай тэрапіі, дзе можна, не губляючы часу, ратаваць жыцці прама ў дарозе. Шматфункцыянальныя дэфібрылятары, сучасныя электракардыёграфы, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх і іншае каштоўнае абсталяванне дазваляе праводзіць у аўтамабілях паўнавартасныя рэанімацыйныя мерапрыемствы. Яшчэ больш радуе, што такія рэанімабілі на балансе не толькі буйных гарадоў, але і малых. На пачатку маёй дзейнасці нават іголкі для шматразовых шпрыцоў прыходзілася тачыць уручную, а сучасная медыцына на сто працэнтаў забяспечана якаснымі інструментамі, няма недахопу ў лякарствах. Фельчары і ўрачы працуюць з планшэтамі і аснашчаны персанальнымі нагруднымі відэарэгістратарамі. Асабліва пільная ўвага “хуткім” удзяляецца з “кавідных” часоў, калі медыкам даводзілася працаваць ва ўмовах найвышэйшага напружання.

Распавёў Юрый Мікалаевіч і пра адрозненне сваёй цяперашняй работы ад папярэдняй.

– У Віцебску можна было разлічваць на хуткі прыезд спецыялізаваных брыгад, побач спецыялізаваныя цэнтры – кардыялагічны і іншыя. А тут бліжэйшая дапамога ў выпадку неабходнасці толькі ў бальніцы. Шмат часу забірае дастаўка хворых з Докшыц у іншыя гарады: да прыкладу, з інсультам – у Лепель, з інфарктам – у Наваполацк ці Віцебск. За суткі брыгада можа накалясіць да 800 кіламетраў. Разам з тым мясцовыя людзі выклікаюць “хуткую” не па дробязях, а калі ўжо без яе ніяк.

Задаволены Юрый новым калектывам:

– Захапляюся прафесіяналізмам і самаадданасцю медыцыне старшага фельчара Валянціны Яцкоўскай, фельчараў Святланы Андрыеўскай, Таццяны Савіцкай, Віталія Альхімёнка, Кірыла Баравікова, Алега Куракевіча, медсясцёр Жанны Машынскай, Веранікі Пятровіч, Ірыны Палячонак, Алены Гімбут і іншых. Гледзячы на іх руплівасць, можна з поўнай упэўненасцю сказаць, што раён у надзейных руках.

За суткі брыгада Юрыя Каваленкі выязджае прыкладна на 15 выклікаў, у “зацішныя” дні можа быць удвая менш.

Ёсць у фельчара свая фішка зносін з пацыентамі, каб зняць псіхалагічнае напружанне (праўда, пераняў яе ў аднаго масцітага калегі): на ўваходзе ў памяшканне замест прывычнага “Дзе ў нас хворы?” ён звычайна пытаецца: “І што паслужыла падставай для нашага знаёмства?” Пацыент расслабляецца і нават усміхаецца. Вядома ж, калі сітуацыя патрабуе экстранных мер, то не да размоў – работа патрабуе высокай аператыўнасці.

Больш за дзесяць гадоў Юрый Мікалаевіч узначальчаў структурнае падраздзяленне віцебскай “хуткай”. У непасрэдным падпарадкаванні галоўнага фельчара было чатыры сотні чалавек. Аднак у далейшым ён вярнуўся ў брыгаду: засумаваў па жывых зносінах з пацыентамі, па адчуванні значнасці ўласнай дапамогі.

– Калі скласці даўжыню ўсіх маршрутаў маёй “хуткай”, хапіла б не адзін раз абагнуць экватар, – усміхаецца Юрый. – Прыемна ўсведамляць, што за гэтымі кіламетрамі – выратаваныя медыцынскай брыгадай жыцці.
Заўсёдны прыхільнік вялікага горада, грамадскі актывіст, Юрый зноў акунуўся ў вясковую цішу. У бацькоўскім доме правёў электраацяпленне, замяніў вокны. Заўважае на гэты конт: “Не прадаецца хата бацькоў”.
Выкарчаваў у двары стары бэз і высадзіў ружы, гладыёлусы і іншыя кветкі. Вырошчвае агуркі і памідоры. Узгадвае, як у школьныя гады не хацелася ўскопваць градкі, а зараз робіць гэта з задавальненнем. Абкошвае сядзібу і сочыць за парадкам на тэрыторыі.

Не нацешыцца роднымі прасторамі. Кажа, што ў гарадской кватэры “ўжо перашкаджаў грукат трамваяў пад акном” і ён зразумеў нарэшце, што абласны цэнтр – гэта не зусім тое месца, дзе б хацелася застацца назаўжды. З удзячнасцю ўспамінае, як падтрымлівалі яго бацькі: мама-настаўніца і тата – старшыня калгаса. Радаваліся яго выбару прафесіі, а сын у сваю чаргу імкнуўся вырвацца да іх у водпуску і ў выхадныя. Даўно пайшлі з жыцця родныя людзі, а то пачулі б цяпер ад Юрыя: “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся…”

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *