Встречает клиентов цветами

Аддзяленне № 209/129 ЦБУ № 209 філіяла № 216 ААТ “ААБ Беларусбанк”, якое функцыянуе ў аграгарадку Параф’янава, лічыцца адным з лепшых і паспяховых у раёне. Тут здзяйсняецца ўвесь пералік банкаўскіх паслуг, абслугоўваецца больш за тысячу кліентаў мясцовага насельніцтва, сярод якога 34 пенсіянеры і звыш дзесяці арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў. За бягучы год  аддзяленнем прыцягнута больш за 200 мільёнаў рублёў укладаў насельніцтва пры плане 68 мільёнаў. На сённяшні дзень астатак сродкаў насельніцтва  складае 595 мільёнаў рублёў. Прыбытак за год  ад банкаўскіх аперацый роўны  5 мільёнам рублёў. Былі месяцы, калі план па тэрміновых укладах перавыконваўся ў тры разы.

Усімі добрымі паказчыкамі аддзяленне абавязана Ганне Салавей (на здымку). Спецыялістам па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг яна працуе ў аддзяленні амаль 7 год. За гэты час не мела ніводнага наракання ні ад кліентаў, ні ад кіраўніцтва. Наадварот, у яе адрас гучаць толькі падзякі і пахвала.

–  Вельмі кампетэнтны, адукаваны спецыяліст, прыемная ў зносінах, заўсёды прыветлівая жачына, – ахарактарызавала Ганну Бернардаўну Рэгіна Красоўская, якая зайшлася ў аддзяленне банка па справе, якраз у час нашай размовы.

Прыцягвае кліентаў спецыяліст, як бачна, не толькі абаяннем і ветлівасцю, асабістай ахайнасцю і дасціпнасцю.  У памяшканні аддзела заўсёды чысціня і парадак, мноства кветак. Іх вырошчваннем жанчына захапляецца даўно. Дома іх саджае ў гаршчочкі, падрошчвае, а потым нясе на працу і з радасцю дапаўняе кветкавыя дэкарацыі свайго рабочага месца. Тут ужо ўтварылася цэлая аранжарэя.  Наведвальнікі любяць разглядаць краскі, часта выказваюць сваё эстэтычнае задавальненне. Прыемна глянуць і на інфармацыйныя стэнды, папкі, буклеты. Іх гаспадыня аддзялення таксама афармляе сама, акуратна і заўсёды своечасова.

У мінулым годзе Ганна Бернардаўна на абласным конкурсе падвядзення вынікаў па развіцці рознічнага бізнесу атрымала Ганаровую грамату.  Ужо два гады яе імя занесена на Дошку гонару “ААБ Беларусбанка”. Жанчыну паважаюць, і не толькі  як найлепшага работніка, а нават больш  як прыстойнага чалавека. Таму ёй не складае цяжкасці размаўляць з людзьмі, прапаноўваць ім банкаўскія паслугі. Прычым робіць яна гэта не толькі праз аперацыйнае акенца, а сама ходзіць у арганізацыі на інфармацыйныя гадзіны і нагадвае людзям пра паслугі, што аказвае банк. Сваіх кліентаў яна ўжо прывучыла да безнаяўных разлікаў, грашовых пераводаў, страхавання грамадзянскай адказнасці. Ганне Салавей давяраюць, а таму смела згаджаюцца на яе прапановы правільна распарадзіцца грашовымі сродкамі.

Мясцовых жыхароў радуе той факт, што Ганна Бернардаўна жывё з сям’ёй у Парафьянаве, любіць сваю работу і не збіраецца яе мяняць. Гэта значыць, што ў аддзяленне банка яны будуць хадзіць з задавальненнем і ўпэўненасцю.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *