Благодарностью генерального директора Витебского ГПЛХО награжден вальщик Прудникского лесничества Дмитрий Полтаржицкий
Вальшчыка Прудніцкага лясніцтва Дзмітрыя Палтаржыцкага мы адарвалі ад работы толькі на некалькі хвілін, каб зрабіць фота і задаць літаральна два-тры пытанні, бо зацягваць дыялог сумленне не дазволіла. Ён з камандай калег вось ужо каторы тыдзень завіхаецца на расчыстцы ветравальных лесасек. Напрыклад, у дзень нашай сустрэчы працаваў непадалёк ад дарогі з Докшыц на Бягомль. Дарэчы, у Дзмітрыя ўжо ёсць вопыт работы на ветравалах у іншых абласцях нашай краіны.
Абветраны, загарэлы твар, моцныя рукі ў мазалях, імклівыя, але дакладныя рухі – па ўсім бачна, лясная трэніроўка для любога вальшчыка замяняе спартзалу. Перад фотакамерай наш герой адчувае сябе няёмка, а вось калі аб’ектыў закрывае затвор і размова заходзіць пра справу жыцця, малады мужчына імгненна ажыўляецца:
– У лясгасе я хутка ўжо дваццаць гадоў. Крыху працаваў абрубшчыкам сукоў у Вітуніцкім лясніцтве, потым асвоіў прафесію вальшчыка, – расказвае пра свой працоўны шлях Дзмітрый. – Атрымліваецца, што з пілой працую з 2007 года. Спачатку складана было, пастаянна прыглядваўся, як старэйшыя калегі працуюць, пытаўся пра сакрэты, прыёмы. Паваліць дрэва бяздумна нельга. Ды і дрэвы тыя не заўсёды гонкія і раўнюткія. А яшчэ вецер, дождж, туман, снег, спёка – трэба ўлічваць усе фактары. Мы як сапёры, нам памыляцца нельга.
Сапраўды, работнікі, якія заняты на лесанарыхтоўцы, павінны ўдумліва рухацца па складанапраходнай мясцовасці, ды яшчэ і з цяжкім рэжучым абсталяваннем, поясам з інструментам для хуткага рамонту ці замены ланцуга, рулеткай і іншымі неабходнымі для работы прыстасаваннямі. Дадайце сюды яшчэ вагу спецвопраткі і абутку.
Як паведамілі ў Бягомльскім лясгасе, па выніках мінулага года Дзмітрый Палтаржыцкі забяспечыў нарыхтоўку 1919 кубаметраў драўніны, выканаўшы 218,3 нормы, што склала 133 працэнты ад устаноўленага задання.
З нагоды прафесійнага свята вальшчык Палтаржыцкі прадстаўлены да высокай узнагароды – Падзякі генеральнага дырэктара Віцебскага ДВЛГА.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

