Благодарность министра лесного хозяйства объявлена бухгалтеру Бегомльского опытно-производственного лесничества Тамаре Сецко
З нагоды прафесійнага свята Падзяка міністра лясной гаспадаркі аб’яўлена бухгалтару Бягомльскага вопытна-вытворчага лясніцтва Тамары Сяцко.
З амаль сарака сямі гадоў (!) эканамісцка-бухгалтарскага стажу дваццаць пяць яна прысвяціла Бягомльскаму лясгасу, а калі яшчэ дакладней – аднайменнаму лясніцтву.
Яшчэ маленькай дзяўчынкай Тамара мела схільнасці да дакладных навук, аднак, жывучы ў невялічкай вёсачцы Гарадзёнка ў цішы навакольнага спакою і прыгажосці, марыла аб рабоце ў такой сферы, якая б спалучала і дакладныя навукі, і любоў да роднага краю. Ну а што тычыцца лесу, то аповеды пра яго таямніцы раз за разам можна было пачуць ад таты, які пад чатыры дзясяткі гадоў працаваў лесніком таксама Бягомльскага лясніцтва і вывучыў гэту тэрыторыю як свае пяць пальцаў.
Пасля заканчэння васьмі класаў дзяўчына вырашыла стаць бухгалтарам і пайшла вучыцца ў Полацкі тэхнікум. Потым лёгка паступіла на эканамічны факультэт сельгасакадэміі ў Горках. Першая работа ў Бягомльскім саўгасе дала ёй магчымасць развіць навыкі ў эканоміцы, але сапраўды лёсавызначальнай стала прапанова далучыцца да каманды Бягомльскага лясгаса.
Калі Тамара Сяцко прыйшла ў лясніцтва, яна адчула, што і тут яна на сваім месцы. Работа з лічбамі па душы, а спецыфіка лясной гаспадаркі была ўжо крыху вядома. Так крок за крокам і спасцігала новае, удала дабаўляючы да ведаў жыццёвы вопыт. За чвэрць стагоддзя змяніліся і падыходы, і формы з метадамі работы, практычна поўнасцю аўтаматызаваўся ўлік, аднак, калі праграма дасць збой, Тамара Пятроўна без праблем падлічыць усё ўручную і справаздачы здасць дакладна ў час.
Увогуле, бухгалтар у лясніцтве – гэта як адзіны фінансавы спецыяліст на невялікім прадпрыемстве. Універсальны “салдат”, бо сумяшчае ў сабе ўсе абавязкі ад галоўнага бухгалтара да кадравіка, касіра і юрыста.
Дарэчы, Тамара Пятроўна – адна з прадстаўнікоў дынастыі лесаводаў, якія будуць унесены ў рэспубліканскае ведамаснае выданне – кнігу пад рабочай назвай “Любоў і служэнне скрозь пакаленні”. Мяркуйце самі, у лясной гаспадарцы працаваў тата нашай гераіні, працуюць дачка і зяць, родная сястра з мужам, пляменнік з жонкай. І гэта калі лічыць толькі блізкіх родзічаў. Іх агульны стаж даўно пераваліў за дзве сотні гадоў. Ці ж гэта не заслугоўвае павагі?
Напрыканцы сустрэчы Тамара Сяцко падкрэслівае:
– Я ўдзячная лёсу за ўсё, што маю, шчыра цаню і паважаю сваіх калег. Для мяне наша лясніцтва як адна вялікая сям’я. А тым, хто вагаецца ў выбары справы жыцця, шчыра раю: прыходзьце да нас у лясгас. Так, лёгка не будзе. Фізічна папрацаваць прыйдзецца, але заробак стабільны, сацпакет важкі і калектыў выдатны.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

