Лесу жить и радовать красотой… 90-летие отпраздновал Бегомльский лесхоз
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў лясной гаспадаркі – у Бягомльскім лясгасе прайшла ўрачыстасць. Імпрэза была прымеркавана і да 90-годдзя ўстановы і прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы са шчырымі словамі віншавання і ўшанаваннем лесаводаў. У мерапрыемстве прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Марына Клімовіч, сярод ганаровых гасцей прысутнічаў і старшыня Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Захарэвіч.
Марына Эдуардаўна адзначыла, што Бягомльскі лясгас – адзін з найбуйнейшых прамысловых калектываў у раёне, і падзякавала лесаводам:
– За кожным гектарам лесу, кубаметрам перапрацаванай драўніны стаіць штодзённая самаадданая дзейнасць сотняў людзей: ад лесаводаў, леснікоў, трактарыстаў, вальшчыкаў, станочнікаў, вадзіцеляў да спецыялістаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ведамстваў. Дзякую вам за нялёгкую добрасумленную працу, за майстэрства, вернасць прафесіі, дысцыпліну і гатоўнасць з поўнай аддачай вырашаць пастаўленыя задачы.
Асаблівыя словы падзякі – ветэранам галіны, якія стваралі фундамент, на якім сёння развіваецца лясны комплекс раёна.
Ганаровай граматай Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны ляснічы Вітуніцкага лясніцтва Павел Аўласевіч, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – ляснічы Бягомльскага лясніцтва Артур Азёмка.
Са шчырымі пажаданнямі да калектыву звярнуўся дырэктар Бягомльскага лясгаса Аляксандр Давідовіч, які адзначыў, што людзі, якія стаяць на варце гармоніі і парадку ў лясной гаспадарцы, даўно і справядліва заслугоўваюць глыбокай павагі і высокай адзнакі. Памятным нагрудным знакам “90 гадоў лясной гаспадарцы Рэспублікі Беларусь” ушанаваны вальшчык лесу Докшыцкага лясніцтва Сяргей Пашкоўскі і вальшчык лесу Бярозкаўскага лясніцтва Пётр Аксючыц.

Граматы Бягомльскага лясгаса майстру леса Сяргею Скакуну, трактарыстам Юрыю Канопскаму і Міхаілу Шылу, лесаводу Міхаілу Дваракову і інжынеру Арцёму Зямчонку ўручыў дырэктар установы Аляксандр Давідовіч.
Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі ўзнагароджаны вадзіцель Уладзімір Красноў; Падзяка Міністра лясной гаспадаркі аб’яўлена бухгалтару Бягомльскага доследна-вытворчага лясніцтва Тамары Сяцко; Падзяка генеральнага дырэктара ВДЛГА – галоўнаму ляснічаму Бягомльскага лясгаса Сяргею Класоўскаму, вальшчыку лесу Прудніцкага лясніцтва Дзмітрыю Палтаржыцкаму, вальшчыку лесу Вітуніцкага лясніцтва Міхаілу Малюжанцу.
Сярод узнагароджаных граматамі і падзякамі Бягомльскага лясгаса трактарысты, лесаводы, інжынеры, майстры лесу, эканамісты, вадзіцелі, вальшчыкі, сартавальнікі, станочнікі і слесары, якія добрасумленна працуюць ва ўстанове.
Вельмі кранальнае віншаванне супрацоўнікі лясгаса атрымалі ад сваёй падрастаючай змены – юных лесаводаў з дашкольнага лясніцтва “Зялёны лісток”, якое вось ўжо некалькі гадоў дзейнічае пры мясцовым дзіцячым садзе. А вось пра выхад на сцэну ветэрана працы Івана Пятровіча можна смела сказаць: здорава і па-заліхвацку! Іван Станіслававіч вырашыў падтрымаць узнёслы настрой калег і выканаў для іх некалькі кампазіцый пад свой жа акампанемент.
Не менш гучнымі апладысментамі работнікі лясной галіны сустракалі і артыстаў з райцэнтра, якія падрыхтавалі душэўную канцэртную праграму.
Свята завяршылася. У калектыву – новы адлік, ужо да сотні. Новых вам вышынь і стабільных набыткаў, а лесу, як гучыць у гімне лесаводаў, “жыць і вабіць хараством нашчадкаў!”
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.







