Молодые специалисты пришли работать в ООО «Барсучанка»

ЕН 2249

Сёлета сельгасарганізацыі раёна папоўніліся дзевятнаццаццю маладымі спецыялістамі. Больш за траціну з іх – сем чалавек – прыйшлі працаваць у ААТ “Барсучанка”.

На мінулым тыдні гаспадарку наведалі старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч, каб пацікавіцца ўмовамі працы і пражывання маладога папаўнення.

Прафсаюзныя лідары сустрэліся на мехдвары ў аграгарадку Барсукі з газаэлектразваршчыкам Арсеніем Мамыкам, які прыехаў працаваць на Докшыччыну з суседняга Глыбоцкага раёна, механізатарамі Мікітам Мікульскім, ураджэнцам аграгарадка Таргуны, і дакшычанінам Мікітам Гузаком. Хлопцы выпусціліся з Глыбоцкага сельскагаспадарчага ліцэя і, па іх словах, першым месцам працы цалкам задаволены. У калектыве іх сустрэлі прыязна, кожнага замацавалі за вопытным настаўнікам, да якога можна звярнуцца па параду і дапамогу. Ды і ўвогуле ўсе іх новыя калегі ідуць насустрач у плане хутчэйшай адаптацыі на новым месцы. Мікіта Гузак прыязджае на работу штодзень з бацькоўскага дома ў райцэнтры, а яго таварышаў пасялілі ў доме катэджнага тыпу з усімі выгодамі. Атрыманы пад’ёмныя. Карацей, старт у прафесійнае жыццё можна назваць дастойным.

– Вельмі хацелася б, каб першае працоўнае месца ў вас не стала, скажам так, перавалачным пунктам, – акцэнтавала ўвагу ў размове Таццяна Дзіканава. – Тут, у “Барсучанцы”, вы атрымаеце бясцэнны практычны вопыт, зможаце ўпэўніцца ў тым, што выбраныя прафесіі – гэта сапраўды тое, чым вы будзеце займацца ў жыцці, рэалізоўваць сябе ў поўную сілу. Вам тут рады, вас чакалі, пра вас клапоцяцца – цаніце гэта і карыстайцеся, каб пусціць карані. Не варта гнацца за доўгім рублём і шукаць шчасця і дабрабыту ў іншых месцах: праца ў сельскай гаспадарцы, а тым больш на роднай зямлі, вельмі патрэбная і адна з самых пачэсных.

Старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Вольга Залатуха адзначыла, што яшчэ чатыры маладыя спецыялісты, а гэта слесары Дзмітрый Тышкевіч, Максім Бабчонак, Дзмітрый Зяваліч і ветфельчар Аляксандр Курсевіч, прыступілі да работы і стараюцца зарэкамендаваць сябе належным чынам. Са свайго боку кіраўніцтва гаспадаркі і прафсаюзная арганізацыя прыкладаюць усе намаганні, каб юнакі адчувалі сябе камфортна ў калектывах, былі задаволены ўмовамі працы, і спадзяюцца на замацаванне маладых кадраў не на перыяд адпрацоўкі, а на доўгія гады.

Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *