Нам пішуць… Пра справы вясковыя і людзей харошых

photo_2026-09-04_16-53-29

Адной з самых высокіх праяў чалавечнасці лічыцца ўменне быць удзячным. Думаецца, наша шматгадовая падпісчыца і ўдзельніца літаратурнага аб’яднання “Крыніцы” Ніна Нікіфараўна Мілюкова ў поўнай меры надзелена гэтай цудоўнай чалавечай якасцю, аб чым яскрава сведчыць яе чарговы ліст у рэдакцыю.

«Свята вёскі – гэта вялікая радасць для ўсіх, чые лёсы з ёй звязаны. Вельмі шкада, што вёскі нашы год ад года пусцеюць, але ж яны жывыя да той пары, пакуль ёсць не толькі іх жыхары, але і выхадцы з іх.

Мой дарагі Атрубак адзначыў сваё свята 9 чэрвеня. Мы сабраліся каля бацькоўскай хаты Ядвігі Ковель. З прывітальным словам выступіў старшыня Крыпульскага сельскага Савета дэпутатаў Іван Лакуцэвіч. І такім кранальным было гэта выступленне, столькі цеплыні было ў ім, павагі да людзей, любові да нашых мясцін! Сардэчна павіншавалі з 90-годдзем старэйшую жыхарку вёскі Ірыну Апарын.

Парадавалі святочнай праграмай артысты-самародкі з Гняздзілаўскага клуба-бібліятэкі пад кіраўніцтвам Жанны Каляга. Гледачы не шкадавалі апладысментаў для Алены Ламановіч, Святланы Пашкевіч, Віталіны Герасімавай, Алены Пашкевіч, Надзеі Ясючэні і, канечне ж, для музычнага кіраўніка Міхаіла Ігнацкага. Жменька артыстаў, а які цудоўны канцэрт атрымаўся! Нізкі паклон вам, дарагія арганізатары, за шчасце пабыць на малой радзіме, сустрэцца з аднавяскоўцамі, паслухаць добрыя песні. Гаспадарам панадворка Ядвізе Баляславаўне і Віктару Вікенцьевічу асобны дзякуй за гасціннасць. Будзем доўга ўспамінаць свята і чакаць новага.

Прыемна, што якраз да свята была ўстаноўлена агароджа на вясковых могілках. Прызнацца, доўга да гэтага мы ішлі. Ад імя жыхароў Атрубка выказваю вялікую ўдзячнасць усім, хто не застаўся абыякавым да гэтай святой справы, асабліва Алене Жук, Феафаніі Ярмізінай, Ядвізе Ковель, Марыі Янкінай, якія збіралі грошы на закупку матэрыялу.

Самыя шчырыя словы падзякі хочацца выказаць у адрас Івана Людвігавіча Лакуцэвіча. Гэта дзякуючы яго ўмеламу кіраўніцтву і сумленным адносінам да работы былі спілаваны аварыйныя дрэвы і пастаўлена агароджа на могілках. Больш бы такіх кіраўнікоў – і быў бы на зямлі парадак».

Ніна МІЛЮКОВА,
г. Докшыцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *