Свои услуги предлагает Территориальный центр социального обслуживания населения

111Падчас справаздачнага сходу, які прайшоў у калектыве ТЦСАН, былі падведзены вынікі работы ўстановы за мінулы год. Удзел у ім прынялі намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Тулоўская.

Перад прысутнымі з дакладам выступіў дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Лісіца, які адзначыў, што галоўнай мэтай дзейнасці з’яўляецца аказанне насельніцтву ўсебаковай сацыяльнай дапамогі, у якой яно мае патрэбу.
– На тэрыторыі раёна пражывае 5980 грамадзян пажылога ўзросту, – паведаміў Сяргей Паўлавіч. – На ўліку ў цэнтры стаяць 5785 чалавек, 862 сям’і. Дапамогу разавага характару ў мінулым годзе атрымалі 1607 чалавек. Установай праводзіцца пэўная работа па актывізацыі дзейнасці і ўкараненні новых формаў сацыяльнага абслугоўвання грамадзян. Так, людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць пражываць у “крызісным пакоі”, які дзейнічае пры аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў агр. Крулеўшчына. Такім відам дапамогі ў мінулым годзе скарысталіся два чалавекі. Для павышэння даступнасці сацыяльнага абслугоўвання забяспечана работа 15-і сацыяльных пунктаў у раёне.
За 2016 год аб’ём платных паслуг насельніцтву выкананы на суму 275,3 тысячы рублёў. Тэмп росту да ўзроўню 2015 года склаў 116 працэнтаў. Пазабюджэтныя сродкі былі накіраваны на павышэнне заработнай платы, развіццё сацыяльнага абслугоўвання, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы (закуплены веласіпеды, камп’ютары, мэбля), праведзены бягучы рамонт у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян у Крулеўшчыне, устаноўлены пандус, адрамантавана пральня.
ТЦСАН займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па ахопе сацыяльным абслугоўваннем насельніцтва і аказанні платных паслуг. Яны павялічыліся на 12,3 % да ўзроўню 2015 года.
Загадчык аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Святлана Ванюшына паведаміла, што найбольш запатрабаванымі ў насельніцтва ў мінулым годзе былі паслугі па распілоўцы, колцы і складзіраванні дроў, апрацоўцы прысядзібных участкаў, касьбе травы трымерам, а таксама электрамантажныя работы. Працуе пункт пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі: каляскі, хадуны, трысціны, мыліцы. У маламаёмасных грамадзян, інвалідаў, дзяцей-сірот, няпоўных сем’яў ёсць магчымасць атрымаць адзенне і абутак. Відам такой гуманітарнай дапамогі скарысталіся 188 чалавек.
Сёлета пашырыўся пералік паслуг на платнай аснове. На 25 найменняў іх стала больш.
– Сярод новаўведзеных – рамонт брамак і плота; устаноўка і рамонт цяпліцы; унясенне ў глебу мінеральных удабрэнняў; паслугі па малярных і шпалерных работах; дастаўка прадуктаў харчавання; замена разетак, выключальнікаў і люстраў, разборка старых збудаванняў і іншыя, – паведаміла Святлана Уладзіміраўна. – Хутка праваслаўныя і каталіцкія вернікі будуць адзначаць Вялікдзень. Па традыцыі ўсе стараюцца падрыхтавацца да свята загадзя, у тым ліку клапоцяцца пра парадак у месцах спачыну родных і блізкіх. Нашы работнікі акажуць дапамогу ва ўборцы месца пахавання ад травы і смецця, установяць, калі патрэбна, металічную агароджу з гатовых элементаў і пафарбуюць яе.
З поўным спектрам аказваемых паслуг і цэнамі на іх можна падрабязна азнаёміцца ў ТЦСАН па адрасе: г. Докшыцы, вул. Школьная, 17, альбо патэлефанаваць па нумары 2-27-01 з 8 да 17 гадзін, акрамя суботы і нядзелі.
Былі акрэслены намечаныя перспектыўныя планы развіцця структурных падраздзяленняў на бягучы 2017 год. Сярод іх – павелічэнне колькасці разавых сацыяльных паслуг, забеспячэнне паступленняў ад пазабюджэтнай дзейнасці і іншыя.
Пры падвядзенні вынікаў сходу намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч адзначыла, што над іміджам установы трэба працаваць кожны дзень, а гэта значыць, укараняць навейшыя формы работы, пераймаць вопыт калег, рэалізоўваць новыя сацыяльныя праекты.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *