Прививка от гриппа остается главной мерой защиты, особенно для людей из групп риска
З надыходам кастрычніка пачынаецца сезонны ўздым вострых рэспіраторных інфекцый, які, паводле прагнозаў Міністэрства аховы здароўя, працягнецца да красавіка, а пік захворвання на грып прыпадзе на канец студзеня – пачатак лютага. Каб знізіць рызыку цяжкіх ускладненняў, у пачатку кастрычніка стартуе масавая вакцынацыя. Медыкі нагадваюць: прышчэпка застаецца галоўнай мерай абароны, асабліва для людзей з груп рызыкі. Пры гэтым эпідэміёлагі мяркуюць, што ў новым сезоне дамінуючым стане вірус грыпу H1N1.
Масавая вакцынацыя супраць грыпу стартуе ў пачатку кастрычніка. Аптымальныя тэрміны для абароны – кастрычнік і лістапад. У гэты перыяд імунітэт фарміруецца ў сярэднім за 2 – 4 тыдні.
Калі не паспелі прышчапіцца загадзя, гэта можна зрабіць у снежні і нават у студзені, але пры спакойнай эпідэміялагічнай сітуацыі. Пры позняй вакцынацыі ёсць рызыка захварэць да фарміравання імунітэту, што часта прыводзіць да памылковых абвінавачанняў у адрас вакцыны.
Галоўны санітарны ўрач РЦГіЭ Ганна Трашчанка падкрэсліла:
– Прышчэпка застаецца ключавым сродкам прафілактыкі ўскладненняў грыпу. Яна не прадухіляе само захворванне, але змяншае рызыку цяжкіх наступстваў. Маніторынг пацвярджае, што пацыенты з ускладненнямі, у тым ліку постгрыпознымі пнеўманіямі, часцей за ўсё аказваюцца непрышчэпленымі.
Асноўныя групы для вакцынацыі застаюцца ранейшымі: дзеці ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дарослыя з хранічнымі захворваннямі, людзі старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, а таксама медыцынскія работнікі, супрацоўнікі і пастаяльцы ўстаноў з кругласутачным знаходжаннем, работнікі органаў дзяржкіравання.
На сённяшні дзень сітуацыя з захворваннем застаецца спакойнай. Асноўны пік чакаецца ў канцы студзеня – пачатку лютага, аднак магчымы больш раннія выпадкі.
Звычайна ў канцы верасня расце колькасць зваротаў у дзіцячую кансультацыю з-за рэспіраторных захворванняў. Пасля летніх канікулаў дзеці вяртаюцца ў закрытыя памяшканні, дзе пачынаецца актыўны абмен вірусамі і мікрафлорай. У гэтай сітуацыі важна памятаць аб мерах абароны. Размова ідзе пра паўнацэннае харчаванне. Яно павінна быць збалансаваным, абавязкова з гароднінай і садавіной.
Трэба рэгулярна праветрываць памяшканні, а з пачаткам ацяпляльнага сезона – выкарыстоўваць увільгатняльнікі. Бацькам маленькіх дзяцей у перыяд сезоннага ўздыму захворвання рэкамендуецца пазбягаць грамадскіх месцаў і аддаваць перавагу прагулкам на свежым паветры. Дзяцей трэба вучыць рэгулярнаму мыццю рук, захаванню рэспіраторнага этыкету.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

