В Докшицком районе набирает популярность агроэкотуризм
Сучасны чалавек усё часцей імкнецца збегчы ад гарадской мітусні ў цішыню на ўлонні прыроды. Докшыччына – край, які выдатна для гэтага падыходзіць. Аграэкатурызм у нашым раёне – гэта не проста сузіранне прыгожых пейзажаў, а і сур’ёзны, перспектыўны бізнес. Пра тое, оне , – у нашым інтэрв’ю з намеснікам старшыні райвыканкама Марынай Клімовіч.
– Марына Эдуардаўна, наколькі папулярны сёння аграэкатурызм у раёне?
– Гэта адзін з ключавых кірункаў, які актыўна і дынамічна развіваецца. Мы бачым, што інтарэс да яго расце як з боку гасцей, так і з боку мясцовых жыхароў, якія гатовы развіваць сваю справу. Наш край прыцягвае людзей магчымасцю адпачыць у чыстых лясах, атрымаць асалоду ад прыроды, пазнаёміцца з мясцовымі традыцыямі і паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні.
– Якія ўмовы ствараюцца для адпачываючых?
– Час, калі пад адпачынкам у вёсцы разумеліся спартанскія ўмовы, даўно прайшоў. У аграсядзібах ёсць абсалютна ўсё неабходнае для камфорту. Гаспадары клапоцяцца пра тое, каб высокі ўзровень зручнасцей спалучаўся з непаўторнай сельскай утульнасцю. Сёння ў раёне функцыянуе восем аграэкасядзіб. Дзве з іх адкрыліся ў 2025 годзе і яшчэ адна гасцінна расчыніла свае дзверы ў бягучым, 2026-м.
– Якія сядзібы сёння на слыху і чым яны прыцягваюць гасцей?
– Кожная ўнікальная і прапануе адметны фармат адпачынку. Напрыклад, агра-
экасядзіба “Чарнічка” славіцца вытворчасцю сыроў з казінага малака, а таксама травяной гарбатай і духмяным хлебам. Рыбалоўныя туры арганізоўвае гаспадар “Вілы Шантарам”, якая размешчана ў вёсцы Шантараўшчына. Сядзіба “Водбліск Эдэма” знаходзіцца ў ландшафце з векавымі соснамі і возерам у Станіслаўцах. Там прапануюцца веласіпедныя і лодачныя прагулкі. Гаспадыня сядзібы “У Таптыгіна” праводзіць майстар-класы па шыцці лялек, экскурсіі па мясцовых славутасцях, а таксама шмат расказвае пра падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны.
– Бізнес у гэтай сферы патрабуе перыядычных укладанняў для таго, каб абнавіць домікі, добраўпарадкаваць тэрыторыю, запусціць новыя паслугі. Ці прадугледжана якая-небудзь падтрымка ад дзяржавы?
– Так, і гэта выдатны стымул для руху наперад. Сёння ёсць рэальная магчымасць скарыстацца такой падтрымкай. Размова ідзе аб атрыманні крэдытных рэсурсаў пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, уключаных у пералік “Турыстычны патэнцыял”. Умовы выгадныя: усяго пад 6 працэнтаў гадавых можна ўзяць максімальную суму крэдыту – 100 мільёнаў рублёў. Раю карыстацца гэтай падтрымкай, бо яна дазваляе маштабіраваць бізнес, будаваць новыя аб’екты і падымаць узровень сэрвісу.
– Марына Эдуардаўна, на што могуць разлічваць прадпрымальнікі, якія толькі пачынаюць свой бізнес і яшчэ не маюць стартавага капіталу?
– Для тых, хто робіць першыя крокі, прадугледжаны дзяржаўныя субсідыі. Фінансавая дапамога выдзяляецца на адкрыццё сваёй справы ў рамках Дзяржпраграмы “Збалансаваны рынак працы на 2026 – 2030 гады”. На сённяшні дзень на стварэнне аграэкасядзібы ў сельскай мясцовасці памер субсідыі складае 8 тысяч рублёў.
– Часта галоўнай праблемай становіцца пошук месца альбо будынка для прыёму турыстаў. Ці дапамагае раён вырашыць гэта пытанне?
– Безумоўна. Для развіцця інфрастуктуры турызму і адкрыцця новых аграэкасядзіб прапануецца шэраг аб’ектаў нерухомай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, у тым ліку на бязвыплатнай аснове. Гэта ўнікальны шанец падарыць другое жыццё пустым памяшканням і ператварыць іх у прыбытковы турыстычны брэнд. Дарэчы, азнаёміцца з іх пералікам можна на сайце Докшыцкага райвыканкама ў раздзеле “Аб’екты нерухомасці, якія не выкарыстоўваюцца”.
– Якія з аб’ектаў, на Ваш погляд, могуць быць перспектыўнымі для інвестараў?
– База аб’ектаў пастаянна абнаўляецца. Сярод найбольш прывабных пляцовак можна выдзеліць лячэбны корпус Бягомльскай раённай бальніцы пад стварэнне гасцінічнага бізнесу. Будынак Замастачанскага дзіцячага сада падыходзіць для ўтульнай сядзібы, а Бярозкаўская базавая школа – для буйнога турыстычнага комплексу са спартыўнымі і забаўляльнымі зонамі. Прапануюцца таксама зямельныя ўчасткі, размешчаныя ў вёсцы Дамашкавічы Бягомльскага сельсавета і каля вёскі Антоны Докшыцкага сельсавета.
– Якія галоўныя кропкі росту Вы бачыце ў развіцці аграэкатурызму ў раёне?
– Адна з ключавых задач – ствараць умовы для камфортнага адпачынку: будаваць і абуладкоўваць гасцявыя домікі, зоны для актыўнасцей, месцы для рыбалкі, збору ягад і грыбоў. Чыстае паветра – гэта выдатна, але гасцям яшчэ патрэбны ўражанні. Таму адпачынак павінен быць напоўнены сваімі “фішкамі”, напрыклад, майстар-класамі па старадаўніх рамёствах, паляўнічымі і рыбалоўнымі турамі, продажам фермерскай прадукцыі і іншым.
Дзяржава дае карты ў рукі: ёсць зямля, будынкі, прапануюцца крэдыты і бязвыплатныя субсідыі. Галоўнае – жаданне працаваць, развіваць наш родны край і сустракаць гасцей па-беларуску гасцінна.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.


