В Докшицком районе прошел областной профсоюзный форум, приуроченный ко Дню народного единства
У Докшыцкім раёне прайшоў абласны прафсаюзны форум “У адзінстве – будучыня!”, прымеркаваны да Дня народнага адзінства. У ім прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч і старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Няфёдава.
Форум пачаўся з наведвання мемарыяльнага комплекса “Шунеўка”, дзе была арганізавана экскурсія. Кожнага да глыбіні душы кранула тэатралізацыя, якая аднавіла падзеі майскага дня 1943 года, калі нямецкія карнікі зажыва спалілі і знішчылі мірных жыхароў. У знак вечнай памяці аб ахвярах вайны ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да падножжа манумента.
Працягам праграмы стала дыялогавая пляцоўка, падчас якой адкрыта абмеркоўваліся гістарычныя падзеі 17 верасня 1939 года.
Удзельнікаў прафсаюзнага форуму прывітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч і прадставіла візітную картку нашага рэгіёна. Сярод галоўнага выдзеліла знакаміты рэспубліканскі фестываль сяброўства і мастацтва “Дзве ракі”, а таксама адзіны ў Беларусі храм, дзе моляцца і праваслаўныя, і католікі.
– Докшыцкі раён хаця і невялікі – у ім налічваецца 19 800 чалавек, у тым ліку сем тысяч жыхароў райцэнтра, – але валодае каласальнай культурнай і духоўнай спадчынай, – адзначыла Валянціна Юр’еўна. – Таму шчыра запрашаю часцей яго наведваць.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна павіншавала прысутных з Днём народнага адзінства і падкрэсліла, што гэта свята аб’ядноўвае лепшыя якасці беларускага народа і ўнікальныя асаблівасці нашай краіны.
У сваім выступленні лідар абласнога аб’яднання Алена Няфёдава гаварыла пра асаблівую значнасць даты для сучаснай суверэннай Беларусі.
– У навейшай гісторыі гэта свята ў якасці дзяржаўнага праходзіць шосты раз, але ўжо трывала прыжылося ў грамадстве і стала родным і доўгачаканым, – адзначыла Алена Васільеўна.
У ліку галоўнага эксперта дыялогавай пляцоўкі выступіла намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч. Яе прафесійны каментарый, заснаваны на дакументальных крыніцах, дазволіў глыбей усвядоміць гістарычныя падзеі восені 1939 года.
Прысутным быў прадэманстраваны дакументальны фільм-кінахроніка “Уз’яднанне”, створаны ў рамках маштабнага рэспубліканскага праекта пад эгідай Мінюста. На кадрах – дэмантаж памежных слупоў, гістарычная станцыя Негарэлае (былая савецка-польская мяжа), палонныя польскія ваеннаслужачыя, трафейная тэхніка, а таксама ўнікальныя сведчанні народных сходаў і сесіі Вярхоўнага Савета СССР.
Абапіраючыся на архіўныя дакументы і факты, дырэктар Бягомльскага музея народнай славы Мікалай Трахінін і настаўнік гісторыі СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч Ала Хацяновіч дапамаглі прысутным дэтальна аднавіць храналогію падзей тых гадоў і ацаніць іх маштабны ўплыў на лёс краіны.
Удзельнікі форуму сышліся ў меркаванні, што беражлівае захоўванне гістарычнай праўды і згуртаванасць грамадства – гэта падмурак мірнага і ўпэўненага развіцця нашай краіны.
Фінал абласнога форуму атрымаўся па-асабліваму цёплым і душэўным. Пасля насычанай дзелавой праграмы ўдзельнікі наведалі этнаграфічную сядзібу “Вецяра”, дзе па-сапраўднаму адчулі гасціннасць Докшыцкага краю.
Сувязь пакаленняў
Напярэдадні Дня народнага адзінства старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч і старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Няфёдава з кветкамі і падарункамі наведалі жыхарку райцэнтра Леаніду Махонь. Леаніда Сцяпанаўна з’яўляецца непасрэднай сведкай тых далёкіх гістарычных падзей, якія ляглі ў аснову дзяржаўнага свята. Госці шчыра павіншавалі дакшычанку з надыходзячым днём нараджэння, выказалі глыбокую павагу за жыццёвую мудрасць, пажадалі моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
У сваю чаргу Леаніда Сцяпанаўна звярнулася з важнымі пажаданнямі да падрастаючага пакалення. Яна перадала беларускай моладзі наказ: добрасумленна працаваць, цаніць мір і берагчы сваю краіну.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.






