Активно ведутся сельхозработы в ОАО «Докшицкий райагросервис»
У ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” пад азімыя культуры адведзена 2500 гектараў. Па стане на раніцу ўчарашняга дня сяўба праведзена амаль на 30 працэнтах плошчаў. Такі велізарны аб’ём работ ляжыць на плячах трох механізатараў – Міхаіла Чарняўскага, Аляксандра і Віктара Суднікаў.
– Так, наш самы вопытны і напрактыкаваны сейбіт Міхаіл Чарняўскі, у якога гэта ўжо трыццаць шосты працоўны сезон, у адзіночку засее запланаваныя дзве з паловай тысячы гектараў, – адзначыў у размове галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Янчак. – За дзень ён “дае” ў сярэднім 50 гектараў. Віця Суднік, які заняты на ворыве, 30-35, а старэйшы Суднік, Аляксандр Міхайлавіч, рыхтуе па 70 гектараў глебы пад сяўбу. Ці трэба гаварыць, што ўсе яны прафесіяналы найвышэйшага класа і суперадказныя людзі?
Андрэй Генрыхавіч заўважае, што прырост плошчаў пад азімыя ў параўнанні з мінулым годам, калі было паўтары тысячы гектараў, таксама вялізны – у самыя лепшыя часы, калі і механізатарскіх кадраў было больш, і працэнт зношанасці тэхнікі меншы, засявалі азімымі меншыя плошчы. Гэта пры тым, што азімага рапсу таксама пасеялі звыш плана.
– Чатыры культуры будзем высяваць пад зіму, – працягвае суразмоўца. – Азімая пшаніца ўжо ў глебе – пад яе адвялі 420 гектараў. Ячменю плануем пасеяць 370, трыцікале – 500 і жыта – 1000 гектараў, у асноўным на вітуніцкіх нівах, якія нам яшчэ акультурваць і акультурваць.
Калі гаварыць менавіта пра ячмень, то гаспадарка закупіла сёлета ў ААТ “Хацілы-Агра” элітнае насенне “буслік” – гэта адзіны сорт ячменю кармавога кірунку беларускай селекцыі, які раяніруецца ў Віцебскай вобласці. Галоўны аграном адзначае, што мае вялікую надзею на годны ўраджай гэтай культуры, зразумела, пры больш-менш спрыяльных умовах надвор’я, поўным унясенні неабходных угнаенняў і правядзенні ўсяго комплексу работ па ахове ад шкоднікаў і вынішчэнні пустазелля.
У сельгаспрадпрыемстве таксама актыўна пачалася ўборка кукурузы на сілас – царыцай палёў засеяна амаль 1100 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць на сённяшні дзень – 300 цэнтнераў з гектара. У планах закласці 20 тысяч тон сіласу для поўнага забеспячэння пагалоўя БРЖ і, магчыма, частковай рэалізацыі.
На сённяшні дзень сяўбу азімых вядуць усе сельгаспрадпрыемствы, за выключэннем КУСГП “Гняздзілава-Агра”. Найбольшы аб’ём работ у ААТ “Таргуны” – 4500 гектараў, але ж у гаспадарцы і пасяўны агрэгат не адзін, і сеялкі тыя шыроказахопныя, таму на сяўбе гаспадарка з’яўляецца лідарам – 38 працэнтаў плошчаў, кажучы вобразна, у заплечніку. У ААТ “Барсучанка”, да якога сёлета далучана ААТ “Докшыцкі”, – 32 працэнты. Астатнія гаспадаркі ідуць прыкладна на адным узроўні. Варта адзначыць, што аграрыям ААТ “Бягомльскае” трэба таксама засеяць немалыя плошчы – 2300 гектараў. Тым не менш найвялікшая нагрузка, як ужо гаварылася раней, на механізатараў райаграсэрвіса. Але ёсць усе падставы меркаваць, што з пастаўленай задачай яны справяцца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

