С людьми и для людей — жизненное кредо Валентины Коростелевой из Докшиц, члена республиканского комитета Белорусской общественной организации солдатских матерей
З людзьмі і для людзей… Думаецца, гэтай кароткай фразай можна спаўна акрэсліць жыццёвае крэда ганаровага члена рэспубліканскага камітэта Беларускай грамадскай арганізацыі салдацкіх маці Валянціны Корасцелевай, якая ў сераду адзначыла прыгожы юбілей – 80-годдзе з дня нараджэння.
Пахаваць сваё дзіця, якому б жыць, ствараць, любіць, расціць сваіх дзяцей, – для маці няма нічога страшнейшага. Перажываючы такое велізарнае гора, Валянціна Сямёнаўна не замкнулася ў сабе, не адгарадзілася ад усяго свету. Наадварот, ішла да людзей з адкрытым сэрцам і імкнулася дапамагчы тым, каму, як ёй, давялося прайсці такое жорсткае выпрабаванне лёсам. Па меры сіл стараецца рабіць гэта і зараз.
У святочны дзень Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую грамадскую дзейнасць па сацыяльнай абароне ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў, патрыятычнае выхаванне моладзі ва ўрачыстай абстаноўцы ў раённым ваенным камісарыяце Валянціне Корасцелевай уручыла кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Валянціна Рандарэвіч і выказала шмат цёплых слоў падзякі, пажадала моцнага здароўя, радасці ў кожным дні, дабрабыту, мірнага неба над галавой. Самае ж галоўнае, у чым Валянціну Юр’еўну падтрымалі ўсе прысутныя, – каб рады салдацкіх маці, якія страцілі сваіх сыноў, не папаўняліся.
Да віншаванняў далучыліся таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гайчук, ваенны камісар раёна Аляксандр Акімаў, старшыня раённага аддзялення Віцебскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Алена Камінская, першы сакратар РА ГА “БРСМ” Вераніка Норавіч, кіраўнік Докшыцкага ПМС, у ліку ветэранаў працы якога юбілярка, Уладзімір Шульгат і старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі прадпрыемства Наталля Аніська (на здымку).
Віноўніца ўрачыстасці была расчулена такой увагай да сваёй асобы, цёплымі пажаданнямі, кветкамі і падарункамі, падзялілася радасцю, што з самага ранку тэлефон яе практычна не змаўкае – дзясяткі віншаванняў прыйшло з розных канцоў краіны, і адзначыла, што менавіта ў добрых зносінах з людзьмі яна чэрпае свае жыццёвыя сілы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

