Учитель СШ № 1 г. Докшицы Марина Козловская поощрена премией облисполкома за вклад в развитие олимпиадного движения

olimp5 са

Напрыканцы снежня настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога Марына Казлоўская атрымала прэмію Віцебскага аблвыканкама за ўклад у алімпіядны рух.

На ўрачыстую цырымонію ў Віцебску ў рамках акцыі “Нашы дзеці”, дзе ўшаноўвалі навучэнцаў-пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў 2025 года і іх педагогаў, была запрошана і вучаніца Марыны Вінальеўны Соф’я Варановіч, якая на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры заваявала дыплом ІІІ ступені. Але Соня, цяпер студэнтка факультэта журналістыкі БДУ, адсутнічала па ўважлівай прычыне: здае залікі.

Па выніках 2025 года прэміі прысуджаны 124 вучням і 96 настаўнікам. З віншаваннямі да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

– Усе пераможцы алімпіяд і конкурсаў – гонар нашага рэгіёна, – сказаў ён. – Поспехі нашых дзяцей натхняюць і паказваюць, што ўпартасць і мэтанакіраванасць прыводзяць да найлепшых вынікаў. Колькасць прывезеных узнагарод з міжнародных і рэспубліканскіх інтэлектуальных спаборніцтваў пацвярджае, што ў кожным раёне ёсць адораныя дзеці і таленавітыя настаўнікі.

Пасведчанні аб прысуджэнні прэмій педагогам і пераможцам алімпіяд і конкурсаў уручылі кіраўнік вобласці, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

– Прыемна адчуваць падтрымку з боку кіраўніцтва вобласці, – сказала Марына Казлоўская, вярнуўшыся з урачыстасці. – Настаўнікі ганарацца сваімі вучнямі, якія дзякуючы не толькі прыродным здольнасцям, але і выключнай працавітасці, моцнай сіле волі дасягаюць значных поспехаў. Калі браць прыклад нашай Соф’і Варановіч, то варта адзначыць, што дзяўчына неверагоднымі намаганнямі імкнулася да перамог у алімпіядах. Дыплом першай ступені на абласным этапе даў ёй магчымасць аўтаматычна атрымаць па беларускай мове сто балаў і павысіць шанец на паступленне.

IMG-422582a4d98834815с

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота «Витебские вести»
і з архіва СШ № 1 г. Докшыцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *