Театр моды «Славяночка» Докшицкого РЦДиМ возрождает набиванку
Тэатр моды “Славяначка” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі адраджае старажытны від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – набіванку.
– Гэта спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай клішэ з рэльефным малюнкам, – гаворыць кіраўнік тэатра моды Таццяна Стадольнік. – На Беларусі такі від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва асабліва быў развіты ў XVI – XVII стагоддзях. Цэнтрамі самых буйных майстэрняў па набіванні лічыліся Віцебск, Полацк, Орша і Бабруйск. Узоры на тканіне набіваліся з дапамогай дошак-клішэ з рэльефным малюнкам. У заходніх раёнах Беларусі часцей выкарыстоўвалі выразаныя з бульбы або рэпы штампікі з нескладанымі геаметрычнымі ўзорамі. Адбіць малюнак майстар меў толькі адзін шанец. Узоры часцей за ўсё былі сіняга, жоўтага, чырвонага або зялёнага колераў. Фарбы выраблялі з натуральных пігментаў і алею. Са з’яўленнем фабрычнай вытворчасці набіваных тканін саматужная набіванка паступова сышла ў нябыт.
Навучэнцаў тэатра моды вельмі зацікавіла старажытная тэхніка аздаблення тканіны. Перш-наперш дзяўчаты разам з настаўнікам паспрабавалі вырабіць клішэ. Выявы элементаў беларускага арнаменту выразалі з фаамірану і наклейвалі іх на драўляныя асновы. Выкарыстоўваючы спецыяльную акрылавую фарбу, паспрабавалі “набіць” узоры на тканіну. Авалодванне старажытнай тэхнікай натхніла на стварэнне новай калекцыі адзення, якую юныя мадэльеры прадставілі на абласным этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!”. У намінацыі “Тэатр моды” работы адзначаны дыпломам за другое месца.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.